«Шыфр 112» разгадалі ў «Пунсовым ветразі»
Рэспубліканская акцыя «Бяспечныя канікулы» працягваецца ў Шумілінскім раёне. На гэты раз шумілінскія ратавальнікі накіраваліся ў дзіцячы аздараўленчы лагер «Пунсовы ветразь» у Лескавічы і правялі з адпачываючымі займальнае мерапрыемства, накіраванае на папярэджанне пажараў і надзвычайных сітуацый.
Мерапрыемства пачалося з квэст-гульні «Шыфр 112», дзе рабят чакалі выпрабаванні, прайшоўшы якія, кожны змог паўтарыць асноўныя правілы бяспекі. Дзеці ўспомнілі, якія грыбы атрутныя, а якія ядомыя, як паводзіць сябе ў лесе і на вадаёме, як выклікаць ратавальнікаў і што рабіць да іх прыезду, праяўлялі спрыт і хуткасць на гульнявай і спартыўнай лакацыях, апраналі на хуткасць камплект баявога адзення.
А потым для рабят ратавальнікі сумесна з прадстаўнікамі таварыства ратавання на водах арганізавалі займальны занятак на Лескавіцкім возеры па правілах бяспечных паводзін на вадзе. На практыцы хлопцы і дзяўчаты адпрацавалі кіданне ратавальнага круга і канца Аляксандрава.
Бяспечнае лета працягваецца.

