Па роўным бальшаку з Амбросавіч рэдакцыйная машына імчыць у вёску Духравічы Каўлякоўскага сельсавета, да якой з тры дзясяткі кіламетраў. На перакрыжаванні адна дарога ідзе ва Улазавічы, другая, праз лес, – у Духравічы. Тут, наводшыбе, на самым ускрайку лесу раскінулася вёска. Невялікая, кампактная, дачная.
Нас сустракае Зінаіда Мікалаеўна Страуя, якая з мужам Аляксандрам Альфрэдавічам трымае дачу ў вёсцы два гады. Яе бацька Мікалай Кірылавіч Шалапаеў быў тут паважаным чалавекам – старэйшынам, працаваў у суседняй вёсцы Улазавічы кавалём. І Зінаіда зараз нібыта яго замяняе – усе незнаёмыя людзі звяртаюцца менавіта да яе. Каля хаты – ідэальны парадак, абкошана, пасаджаны кветкі, зроблены так званы рэтра-куток з гліняных гаршкоў, а таксама катлоў, у якіх калісьці гатавалі ежу ў печцы.
«Не можам пакінуць хату бацькоў, дзе жылі і гадаваліся, – кажа Зінаіда Мікалаеўна. – І гэта не толькі мая думка, але і практычна ўсіх суседзяў, якія, як і мы, вяртаюцца з гарадоў вясной і жывуць у Духравічах да глыбокай восені. Боню (шпіца) садзім у багажнік і едзем з Віцебска на свежае паветра, на прыроду. Вельмі падабаецца, што побач лес. Грыбы і ягады – усе нашы. Бачымся з ласямі, казулямі і зайцамі. Мы дружныя суседзі. Мядзведзя ніколі не сустракалі, а дзікі ходзяць – вунь колькі слядоў па лесе.
Дзвіна – для рыбакоў і пераправы
Непадалёк ад Духравічаў ёсць тры возеры, працякае Заходняя Дзвіна. І гэта для некаторых дачнікаў, аматараў-рыбаловаў, – галоўны стымул і матывацыя. «Мінулай восенню злавіў сома, які заважыў ажно дзевяць кілаграмаў, – пахваліўся Міхаіл Аўсянка. – Дзяліўся здабычай з усімі сваякамі. А ўвогуле ў рэчцы водзіцца многа ладных шчупакоў, ёсць плоткі, ляшчы, акуні, ліні, галаўні. Практычна ў кожнага дачніка ёсць драўляная лодка». Яе выкарыстоўваюць не толькі, каб лавіць рыбу, але і ў якасці пераправы. На супрацьлеглым беразе – вёска Будзілава Бешанковіцкага раёна. Некаторым віцяблянам зручна сюды даехаць на рэйсавым аўтобусе, а потым на лодцы пераправіцца ў Духравічы. Але гэта робяць толькі тыя, у каго праблема з асабістым транспартам, бо рэйсавы аўтобус з Шуміліна ідзе толькі да Улазавіч, а там да Духравіч трэба ісці 3,5 кіламетра – не кожны адважыцца праз лес.
«Бабуліна вёска – самы дарагі куток для душы»
У бацькоўскі дом на лета з Наваполацка прыязджаюць Генадзь і Дзмітрый Сямёнавы, родныя браты. Іх суседзі – Таццяна і Віталь Ладковы – з Барысава. «Мой сын Аляксей кажа, што бабуліна вёска – самы дарагі куток для душы, – кажа Таццяна Аляксееўна. – Мы жывём тут з мужам з сакавіка да снежня, а дзеці і ўнукі наведваюцца на выхадныя і ў водпуск. Раней у вёсцы было з два дзясяткі дамоў. На канікулы сюды да бабуляў і дзядуляў з’язджаліся ўнукі з розных гарадоў. І ў Духравічах ладзілася свая дыскатэка пад магнітафон – радасці было не толькі дзетвары, але і дарослым».
Каля свежапафарбаванага дома Ладковых парадак: выкашаны газон, кветкі і туі, адрамантаваны калодзеж. Сваю частку населенага пункта Ладковы называюць “вёскай”, а дзе жыве Зінаіда Страуя – горадам, бо там прыпыняюцца аўталаўка, якая прыходзіць па панядзелках і чацвяргах, праз два тыдні – перасоўны медпункт. Яго вадзіцель доўга сігналіць – заклік наведаць ФАП чутны у абодвух краях. Дачнікі прыходзяць за неабходнымі лекамі, іншыя – перамераць ціск, каб праверыць якасць работы дамашняга танометра. Аўталаўкай таксама задаволеныя, калі чаго не хапае – прывозяць з горада дзеці, усё ж роўна наведваюцца кожны тыдзень. А вось паштовая машына прыходзіць у вёску толькі адзін раз у месяц – каб прывезці пенсію аднаму пастаяннаму жыхару – Валянціну Карашкову. Так што газеты і часопісы ў вёсцы не выпісваюць.
Узвялі новы дом
Мы сустрэліся з Інай Ільюшчанка і яе трохгадовым унучком Міронам – самым маленькім дачнікам. Іна прыязджае ў бабуліну хату, якая дасталася ў спадчыну. Побач з маленькім домікам разам з мужам Дзмітрыем за два гады пабудавалі новы, больш прасторны – засталіся толькі ўнутраныя работы, і можна перасяляцца.
Аляксандр Беланошка з Шуміліна купіў дом у Духравічах па аб’яве гадоў шэсць таму, летась дом у вёсцы набыла маладая сям’я Кавалеўскіх з райцэнтра. У старым доме памянялі чатыры ніжнія бервяны, збіраюцца заліваць цэментную падлогу, рабіць унутраны рамонт, каб было камфортна і сабе, і дзецям. Жыхары Латвіі, якія два гады таму прыехалі ў Крывое Сяло, набылі ў Духравічах участак для будаўніцтва дома.
Духраўскія дачнікі – самыя дружныя.
Пра гэта расказалі нам у Каўлякоўскім сельсавеце. А самі жыхары пацвердзілі, што дапамагаюць адзін аднаму і ніколі не будуць працаваць з трымерам, калі ў суседняй хаце спяць дзеці. Яны расказалі пра святкаванне 75-годдзя вёскі ў 2014 годзе (сабралася з паўсотню чалавек), калі на вуліцы расстаўлялі сталы са смакатой, спявалі песні і танцавалі, а вуліцу ўпрыгожваў вялікі плакат з надпісам “Усе мы родам з Духравіч”.
Каля кожнага дома ў Духравічах ёсць калодзежы. Большасць з іх дасталіся ў спадчыну разам з домам, але ёсць і новапабудаваныя. Старыя калодзежы перыядычна чысцяць, фарбуюць, пры неабходнасці мяняюць верхняе кольца, будуюць для зручнасці побач лавачкі.
Ад дзядоў і прадзедаў дачнікам Духравіч з вуснаў у вуснаў перадаецца легенда пра вёску. Кажуць, што паселішча раней размяшчалася ў лесе. Вёску і іх людзей абаранялі добрыя духі, адсюль і назва – Духравічы.
Цікавыя факты пра Духравічы:
У вёсцы размешчана 8 дачных дамоў.
Самы старэйшы дачнік размяняў восьмы дзясятак, самаму маленькаму – тры годзікі.
У вёсцы пабудаваны адзін новы дом.
Дачнікі прыязджаюць з Віцебска, Шуміліна, Барысава, Жодзіна, Наваполацка.
У вёсцы восем калодзежаў.
Толькі адзін дачнік трымае курэй, у астатніх жыўнасці няма.
Непадалёк ад Духравіч знаходзяцца тры возеры – Святое, Купалле, Мінкіна.
Апошні раз дачны дом купілі ў 2024 годзе.
У вёсцы адзін свабодны дом, яго спадчыннікаў зараз вышукваюць.
Ёсць два свабодныя ўчасткі, якія можна купляць для будаўніцтва дома.
Ларыса ЗАЙЦАВА.









