«Дастукацца» да кожнага, падтрымаць, дапамагчы
Сёння, 29 жніўня, спаўняецца 90 год з дня ўтварэння крымінальна – выканаўчай інспекцыі.
Маёр міліцыі Андрэй ШАЦІЛА, агульны стаж якога ў РАУС складае 26 гадоў, спачатку працаваў старшым інспектарам прафілактыкі ў аддзяленні аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі, а ў 2012 годзе быў прызначаны начальнікам крымінальна-выканаўчай інспекцыі. За плячыма быў немалы вопыт работы, у характары – вытрыманасць, дапытлівасць, жаданне дапамагаць людзям. Кажа, што ўсе гэтыя рысы перадаліся ў спадчыну – у міліцыі працаваў бацька і родны дзядзька, старэйшы брат, што, вядома, паўплывала на выбар прафесіі.
Андрэй Аляксандравіч узначальваў крымінальна-выканаўчую інспекцыю 12 гадоў, зараз працуе тут спецыялістам. Работа ў прынцыпе не змянілася – такая ж напружаная і неспакойная. Галоўнае – кантроль за асобамі, якія маюць судзімасць, выкананне прыгавораў суда – калі, скажам, прызначана пакаранне ў выглядзе папраўчых і грамадскіх работ, абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. «Вялікая ўвага ўдзяляецца прафілактычнай рабоце з умоўна асуджанымі асобамі, якія знаходзяцца пад прэвентыўным наглядам і ў якіх не знятая судзімасць, – дадае Андрэй Шаціла. – Грамадзян, якія пры гэтым яшчэ і злоўжываюць спіртнымі напіткамі, папярэджваю, што ў іх ёсць усе шансы трапіць у лячэбна-працоўны прафілакторый».
Зараз на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС знаходзіцца 176 асоб, якія маюць судзімасць, у тым ліку 43 чалавекі адбываюць пакаранне, не звязанае з ізаляцыяй асуджанага ад грамадства. У дзень нашай размовы Андрэй Аляксандравіч паставіў на ўлік аднаго раней асуджанага, правёў з трыма землякамі, якія з’явіліся на рэгістрацыю, прафілактычныя гутаркі аб недапушчэнні злачынстваў. А потым з калегамі накіраваўся ў аб’езд па раёне, каб знайсці падуліковага, якому судом быў вынесены абавязак працаўладкавацца, а ён не хадзіў на работу. “Уцекача” знайшлі, яму вынесена адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе арышту. Потым яго чакае медкамісія і ўжо другое месца работы, бо першы работадаўца адмовіўся…
«Самае цяжкае ў рабоце – “дастукацца” да людзей, – кажа Андрэй Шаціла. – Маем справы з кантынгентам, які не назавеш лёгкім. Стараемся ўсіх падтрымаць, працаўладкаваць, растлумачыць ім правы і абавязкі, а непрацуючых прыцягнуць да грамадска-карыснай работы. Зносіны з людзьмі, якія стаяць на ўліку, патрабуюць асаблівага падыходу».
За добрасумленную працу Андрэй Шаціла неаднаразова быў узнагароджаны граматамі, мае медаль «За бездакорную службу». Лічыць сваю работу важнай і патрэбнай, паважліва адносіцца да кожнага падуліковага.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

