В «Альтаире» не грустили… Репортаж о волонтёрском лагере в райцентре.

Молодёжь Образование Общество

У “Альтаіры” не сумавалі…
Калі можна назапасіць здароўя і добрых уражанняў, то амаль паўсотні вучняў дзвюх райцэнтраўскіх школ зрабілі добры запас. У апошнія дзевяць канікулярных дзён яны весела праводзілі час у валанцёрскім спартыўна-патрыятычным і аздараўленчым лагеры “Альтаір”. Адпачывалі ў лагеры хлопцы і дзяўчата ад сямі да шаснаццаці год. Як адзначылі старшыня ФСК “Здароўе” Іна Прасветава і галоўны спецыяліст раённага камітэта ГА БРСМ Валянціна Васілеўская, якія працавалі ў лагеры, рабяты з задавальненнем прынялі і адзін аднаго і насычаную гульнямі, конкурсамі, экскурсіямі і спартыўнымі спаборніцтвамі праграму.
Асабліва захапляючымі для выхаванцаў “Альтаіру” сталі сустрэчы з выратавальнікамі і работнікамі ваенкамата. Як прызналіся рабяты, у раённай службе МНС уразіла ўсё: і тэхніка, і комплекс для трэніровак з лесвіцамі, перакладзінамі і вышкай, і мужныя выратавальнікі. А ў ваенкамаце асаблівую цікаўнасць выклікала абсталяванне для хуткаснага наладжвання сувязі.
Выхаванцы лагера стараліся не ўпусціць магчымасці трэніравацца на трэнажорах у зале ФСК “Здароўе”. А трохразовае харчаванне ў кафэ “Блюз” зрабіла адпачынак яшчэ больш прыемным.
Годна сябе паказалі хлопцы ў турніры “Рыцары XXI стагоддзя”. Не адставалі ад сяброў і дзяўчынкі, праявілі лепшыя здольнасці ў турніры “Мужнасць і пяшчотнасць”, у спаборніцтвах па тэнісе, у конкурсах на лепшы малюнак і выраб. У сваю чаргу, дарослыя заахвочвалі дзяцей салодкімі прызамі і невялічкімі сувенірамі. Не забываліся ў лагеры і на важныя валанцёрскія справы: наводзілі парадак на брацкіх могілках райцэнтра, у сасонніку пасёлка Светласельскі.
Таццяна РАСТОЎСКАЯ.
Опубликовано в №69 от 7.09.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *