Дзе вучаць на міліцыянера?
Вучні школ раёна, для каго сёлетні год выпускны, у развагах, куды паступаць.
Для тых, хто хоча стаяць на варце закона і абараняць правапарадак, актуальнай інфармацыяй па ўстановах адукацыі і спецыяльнасцях дзеліцца в. а. намесніка начальніка РАУС Павел Трафімаў.
«У Беларусі ёсць дзве навучальныя ўстановы – Акадэмія Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь у Мінску і Магілёўскі інстытут МУС Рэспублікі Беларусь, дзе рыхтуюць спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, – расказаў Павел Альбертавіч. – У склад Акадэміі ўваходзяць факультэт крымінальнай міліцыі са спецыяльнасцямі «правазнаўства»
і «эканамічнае права», факультэт міліцыі грамадскай бяспекі са спецыяльнасцю «правазнаўства» для работы на пасадах участковага інспектара міліцыі, інспектара па справах непаўналетніх, інспектара ДПС, крымінальна-выканаўчы факультэт са спецыяльнасцю «правазнаўства» (спецыялізацыя «крымінальна-выканаўчая дзейнасць»).
Магілёўскі інстытут МУС прапануе абітурыентам спецыяльнасці «прававое забеспячэнне адміністрацыйна-прававой дзейнасці» і «прававое забеспячэнне аператыўна-вышуковай дзейнасці». Тэрмін навучання ў абедзвюх установах – 4 гады».
Абітурыенты, якія паступаюць на дзённую форму навучання, здаюць тры ўступныя іспыты ў форме адзінага экзамена (або ЦТ) па беларускай або рускай мове (на выбар), замежнай мове, грамадазнаўстве. Маюцца ўзроставыя абмежаванні: у год паступлення кандыдату павінна быць не менш за 17 гадоў і не больш за 25.
ЁСЦЬ НЕКАЛЬКІ ПРЫЧЫН, ЧАМУ ПРЫ ВЫБАРЫ ПРАФЕСІІ ВАРТА АДДАЦЬ ПЕРАВАГУ ЎСТАНОВАМ МУС:
Гарантаванае працаўладкаванне і дастойны заробак.
Добрая стыпендыя (мінімальная – каля 700 рублёў).
Курсанты забяспечваюцца бясплатным жыллём, харчаваннем і абмундзіраваннем.
Час вучобы залічваецца ў выслугу гадоў.
Дзяржстрахаванне супрацоўнікаў за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту ад рознага роду рызыкі.
Бясплатнае медабслугоўванне ў арганізацыях аховы здароўя органаў унутраных спраў як супрацоўнікаў, так і іх сем’яў.
Пенсійнае забеспячэнне па дасягненні 48-гадовага ўзросту з улікам выслугі на службе 20 і больш гадоў, а таксама з улікам стажу работы 25 і больш гадоў, з якіх не менш за 12,5 года складае служба ў органах унутраных спраў.
Па пытаннях паступлення трэба звяртацца ў групу кадраў РАУС (г. п. Шуміліна, вул. Вакзальная, 1а, каб. 11 або 3, тэл. 5-51-87, 5-51-95).

