Дарагія землякі! Віншую вас з надыходзячым Новым годам!
Здароўя вам моцнага, лёсу светлага, неба заўсёды мірнага і бла-кітнага, сямейнага дабрабыту, любові да ўсіх і ўсяго на гэтым белым свеце.
Не на год, а на вякі – шчасця ўсім вам, землякі!
Душэўна ваш Алег САЛТУК.
Радасць
Прастор адгукаецца рэхам,
Падсоджвае бацька на воз.
З дзявочым, гарэзлівым смехам
Уецца Нярэшня між лоз.
Жывая, бясконцая радасць
Вясёлага летняга дня.
Ні скаргаў пакуль ані звадаў –
Усё мне і ўсе тут радня.
І дзень малады, шматгалосы
Мне доўга яшчэ спасцігаць…
Бягу, галалобы і босы,
Каб сонечны зайчык спаймаць.
Хата
У хаце зноў адзін жыву,
Свае ўспаміны спавіваю.
На заінелую траву
Нячутна зоркі аблятаюць.
Датла згарэлі ўжо яны,
Святло пакінуўшы прасторам.
Сняць свае горы валуны,
А рэчкі сняць свае азёры.
А я, пакуль яшчэ засну,
Мо колькі слоў знайду забытых.
Да сэрца тое прыгарну
Усё, што мною тут пражыта.
Да ранку сцішуцца вятры,
Сябры і ворагі – таксама.
І, можа, прыйдзе на зары
У сон, як маладая, мама.
Печка
И дым отечества…
Уздыхнула печка цягаю –
Комін выдыхнуў дымок,
Што пайшоў гуляць бадзягаю,
Нібы хворы, з боку ў бок.
Перахоплены туманамі,
З пахам высмеглых катлоў,
Над азяблымі палянамі
Вышыню сваю знайшоў.
Туманы – яны вяртаюцца,
Не вяртаюцца дымы
І па свеце разлятаюцца,
І губляюцца, як мы.
Да крывінкі ссірацелыя –
Ажно хочацца завыць…
Печ без коміна збялелая
У садзе прывідам стаіць.
Вяртанне
Бяроз блакітна-белы шоўк
Вятры блакітныя палошчуць.
Сюды я ўсё жыццё ішоў
Ад тратуараў і ад плошчаў.
У шыр ішоў і глыбіню
Нябёс і даляў неабдымных.
Куды, адкуль не пазірну,
Усюды ты, мая радзіма.
І хатаў ціш, і жыта шум,
Людзей прасветленыя твары
Адпрэчаць разам боль і сум,
І радасць сэрцам заўладарыць.
Зло тут адступіць да канца.
Заб’ецца сэрца, аж заскача,
Як ля бацькоўскага крыльца
Слядок твой знойдзецца дзіцячы.
Надрукавана ў №98 ад 11.12.2012 г.
