На заседании литературно-музыкальной гостинной присутствовал поэт Николай Третьяков

Культура

Н. Третьяков

Ён прызнаўся Беларусі ў любові
Пасяджэнне літаратурна-музычнай гасцёўні “Крыніца” і ў гэты раз прайшло цікава. Нядаўна аматараў паэзіі і музыкі парадаваў сваім удзелам у традыцыйных пасядзелках Мікалай Траццякоў.
Ён працуе загадчыкам кафедры тэхналогіі, захавання і перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі, з’яўляецца намеснікам дэкана факультэта Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта.
Мікалай Траццякоў – член-карэспандэнт Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў, член Саюза пісьменнікаў Расіі, кандыдат тэхнічных навук. З’яўляецца старшынёй дзяржаўнай камісіі Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта нізкатэмпературных і харчовых тэхналогій. Лаўрэат міжнароднай прэміі «Факел Бірмінгама».
У чалавеку ўдала спалучаюцца лагічнасць мыслення з творчымі здольнасцямі. У Шуміліна ён прыехаў як паэт, на рахунку якога сем выдадзеных кніг. Вершы, байкі, оды, паэмы – аўтар працуе ў самых розных паэтычных жанрах. Нядрэнна спявае свае вершы акапэльна. Марыць, каб знайшоўся кампазітар, які б напісаў музыку да ягоных твораў. «Любі і памятай», «Вачамі дрэваў», «Шчырасць», «Сонечная тканіна» — аўтар піша пра каханне, пра прыроду, пра ўсё, што давялося перажыць у жыцці яму, яго блізкім, усім нам.
Мікалай Афанасьевіч прызнаецца ў шчырай і светлай любові да Беларусі, нашай прыроды, людзей. Нямала сваіх вершаў ён прысвяціў менавіта Беларусі, адкуль родам яго жонка.  І наша краіна адказвае паэту ўзаемнасцю. Яго ведаюць і цэняць, яго творы знаходзяць сваё месца ў нашых перыядычных выданнях, водгук – у сэрцах людзей.
Творчы багаж аўтара – больш за 2000 вершаваных твораў. Свой пяцітомнік ён з радасцю прэзентаваў цэнтральнай раённай бібліятэцы. Выказаў шчырае спадзяванне на далейшае творчае супрацоўніцтва.
Усе ўдзельнікі гасцёўні ўважліва слухалі вершы і песні ў выкананні аўтара, лёгка траплялі пад уплыў паэтычнага слова, суправаджаючы апладысментамі кожны твор.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №64 ад 23.08.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *