Пяты раз у тысячніках
Учора, 11 верасня, раённая гвардыя тысячнікаў папоўнілася яшчэ адным камбайнерам. Ім стаў механізатар ААТ «Прыазёрны мір» Віталь Антонаў. Павіншаваць яго, уручыць дыплом і падарунак на жніўныя палеткі ў Войлавічы прыехала старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова.
У тым, што Віталь Антонаў сёлета стане тысячнікам, кіраўніцтва «Прыазёрнага міру» і калегі не сумняваліся. Працавіты, сумленны, спакойны, добра разбіраецца ў тэхніцы, любіць сваю работу – так характарызуюць Віталя Антонава. Ганарова, што сёлета калектыў сельгаспрадпрыемства вылучыў яго на раённую Дошку гонару.
Віталь у тысячніках пяты раз у жыцці. У сельскай гаспадарцы працуе больш за трыццаць гадоў. З 18 гадоў за рулём сельгастэхнікі. «З дзяцінства ведаў, што буду працаваць у сельскай гаспадарцы – на палетках, дзе рупіўся мой бацька, – усміхаецца Віталь. – Лічыў, што гэта работа самая патрэбная, самая цікавая і карысная. Калі быў малым, не вельмі цікавілі цацкі, замест іх за шчасце было праехаць разам з бацькам на МТЗ».
Пасля вучобы ў вучэбна-вытворчым камбінаце Віталь Антонаў атрымаў пасведчанне трактарыста на розныя катэгорыі марак сельгастэхнікі. Працаваў на адвозцы здробненай травы да сянажных траншэй, з баронамі, плугамі, дыскатарам. Неаднаразова выходзіў у перадавікі па выніках раённых прафсаюзных спаборніцтваў.
Але ж асабліва падабаецца працаваць за штурвалам камбайна. Настаўнікам у гэтай справе быў старэйшы брат Сяргей. Віталь кажа, што жніво – гэта выключная адказнасць, своеасаблівая ўрачыстасць у рабоце, хаця лёгкай яе не назавеш. Сёлета, напрыклад, уборачную значна тармазілі дажджы.
За працоўныя поспехі Віталя Антонава радуюцца калегі, сям’я – жонка, дочкі, унучка.
Ларыса ЗАЙЦАВА.



