І балконы будуць новыя
Летам Шумілінская ПМК‑70 пачала капітальны рамонт шматкватэрнага дома № 53 па вуліцы Юбілейнай у Шуміліне. Сродкі на капрамонт дома выдаткаваны з бюджэту (430 тыс. руб.) і з адлічэнняў грамадзян на капрамонт (364 тыс. руб.).
Падчас капрамонту быў зроблены новы мяккі дах, у цеплапункце заменена разводка труб. Па словах старшага майстра прадпрыемства Уладзіслава Улюценкі, штодзень на аб’екце працуюць каля 10 будаўнікоў.
«Гэта першы ў Шуміліне шматкватэрны дом, дзе поўнасцю мяняюцца балконы, – адзначыў ён. – Усяго ў доме трэба замяніць 16 балконаў».
Зараз будаўнікі паралельна з устаноўкай балконаў працягваюць работы на фасадзе дома і па сантэхніцы. Капітальны рамонт шматпавярхоўкі плануецца закончыць да канца года.
Каментарый намесніка начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Ірыны Карпавай:
– На 2025 год раёну пастаўлена задача капітальна адрамантаваць 3,8 тыс. кв. м жылля. Фактычна па выніках года план будзе перавыкананы – адрамантуем 4,1 тыс. кв. м. Гэта чатыры аб’екты. На трох капітальны рамонт завершаны. Шумілінская ПМК-70 адрамантавала ў Шуміліне дом № 78 па вул. Сіпко (1,5 тыс. кв. м) і дом № 16 па вул. Юбілейная (1,2 тыс. кв. м), Бешанковіцкая ПМК-41 – дом № 17 па вуліцы Азёрнай (0,3 тыс. кв. м) у аграгарадку Башні. Зараз ідзе капітальны рамонт дома № 53 па вуліцы Юбілейнай у Шуміліне.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.


