Плюс адзін гектар новага лесу
Шуміліншчына далучылася да рэспубліканскай добраахвотнай акцыі «Дай лесу новае жыццё!», якая стартавала па ўсёй Беларусі 11 кастрычніка і прадоўжыцца да 31 кастрычніка. Сёлета акцыя прымеркавана да Года добраўпарадкавання.
— Кампанія накіравана на аднаўленне лясоў і на тэрыторыі нашага раёна звычайна мае шмат прыхільнікаў, – заўважыла намеснік кіраўніка Шумілінскага лясгаса па ідэалагічнай рабоце Людміла Доктарава. – У ёй па традыцыі прымаюць удзел як дарослыя, так і дзеці. Плануецца, што падчас акцыі дапоўніцца ляснымі культурамі 77 гектараў ляснога фонду, на адным гектары будзе высаджаны новы лес. На дадатковыя пасадкі пойдзе 84 тысячы пасадачнага матэрыялу, на новы лес – 6 тысяч.
У суботу акцыя стартавала ў Першым Дрэтунскім, Мікалаеўскім, Казьянскім і Мікіціхінскім лясніцтвах. Работнікі лясгаса і лясніцтваў высадзілі культуры на плошчы 1 га і зрабілі дапаўненне на тэрыторыі 3,5 га. Сваім удзелам падтрымалі рэспубліканскую акцыю і вучні СШ № 2 г. п. Шуміліна, якія навялі парадак у сасонніку Шумілінскага лясніцтва.
Аляксандр ШЭДЗЬКО

