Проблемы. Решения… Комментарий к письму в редакцию газеты.

Актуалии Общество

А хібаў знайсці няцяжка

Строительство дома на улице 40 лет Октября (Шумилино)

Быць Шуміліну горадам ці гарадскім пасёлкам? На гэтае пытанне 80 працэнтаў рэспандэнтаў сайта раённай газеты і каля 90 працэнтаў работнікаў працоўных калектываў адказалі станоўча. Ёсць і тыя, хто лічыць такое рашэнне заўчасным, маўляў, не дараслі мы яшчэ да гарадскога ўзроўню.
Вось і ў лісце, дасланым рэдакцыі і райвыканкаму, якое падпісана “жыхары вуліц Дубасарскага, 40 год Кастрычніка, Камунальнай і інш.”, сабраны цэлы стос хібаў, якія, на думку аўтараў, не даюць нам маральнага права і думаць пра горад.
“У Шуміліне няма нармальнай гасцініцы, — пішуць аўтары пісьма, — рынак не добраўпарадкаваны, адсутнічаюць ПТВ, каледжы, недастаткова створана рабочых месцаў для насельніцтва, якое вымушана сёння займацца нелегальным бізнесам на кватэрах, у гаражах, у хлявах праводзіць работы па аказанню паслуг, рамонту аўтамабіляў… Тратуары і сёння застаюцца праблемным месцам у гарадскім пасёлку. Аўтобусы гарадскога маршрута не падстроены пад графік прыбыцця цягнікоў…”.
Зняважанымі і абражанымі, абдзеленымі ўвагай уладаў называюць сябе аўтары пісьма, скардзячыся на тое, што ў мікрараёне не вырашана пытанне з каналізацыяй і газіфікацыяй жылля.  Пішуць, што “сёння ў аграгарадках, размешчаных далёка за межамі Шуміліна, умовы пражывання намнога лепей”.
Мы папрасілі даць інфармацыю па ўзнятых пытаннях намесніка старшыні раённага выканаўчага камітэта Віктара Аляксандравіча Мядзвецкага:
— Можна вінаваціць улады ва ўсіх зямных грахах, а можна паглядзець і ўбачыць, колькі сёння робіцца ў раёне на карысць людзей. Так, шмат будуем жылля, сацыяльных аб’ектаў, даём даброт сялу. Але хто сказаў, што там павінны жыць горш, чым у горадзе? На развіццё вёскі нацэльвае і Прэзідэнт нашай краіны. Вось і сёлета мы пабудавалі 37 кватэр на сяле (2323 квадратных метраў), вядзем работы па абустройству аграгарадка Крывое Сяло, будуем сучасныя фермы. Але і для сяла зрабіць усё, што хацелася б, пакуль не маем магчымасці. Прычына банальная — не хапае сродкаў. Тое ж і па гораду. Так, мікрараён СШ №2 самы старэйшы ў райцэнтры і, прама скажам, самы праблемны. Але сказаць, што ўлады не звяртаюць на яго ўвагу, было б, мякка кажучы, няпраўдай. Тут шмат робіцца, і ўкладваюцца немалыя сродкі. Вы ж бачыце, будуецца два 48-кватэрныя дамы, на чарзе яшчэ тры — 40-кватэрныя. На будаўніцтва ўжо патрачана два мільярды рублёў, 0,5 з іх — на інжынерную інфраструктуру. У працэсе будаўніцтва 48-кватэрных дамоў будзе цалкам заасфальтавана вуліца 40 год Кастрычніка. Зносім жыллё барачнага тыпу, будзем добраўпарадкоўваць праезды, дамавыя тэрыторыі. У мікрараёне зроблена цэнтральнае ацяпленне, цэнтральная каналізацыя, падве-дзены прыродны газ. Ля шматпавярховых дамоў устаноўлены каналізацыйныя калодзежы. Але, на жаль, няма магчымасці за дзяржаўны кошт правесці ў кожную кватэру прыродны газ і каналізацыю. Дзяржава можа толькі дапамагчы, а ў жыльцоў ёсць магчымасць стварыць кааператыў і падключыцца да прыроднага газу ці да цэнтральнай каналізацыі, як гэта зрабілі жыхары дома № 14 па вуліцы 40 год Кастрычніка, зараз па гэтаму шляху ідуць і жыхары дома № 11. Кожны чалавек павінен і сам рашаць свае пытанні.
Што датычыць іншых пытанняў, узнятых у пісьме, то гаварыць тут можна многа. Але я скажу коратка: хто хоча працаваць, для таго ў раёне работы дастаткова. У нас няма беспрацоўя. Наадварот, пачытайце раённую газету: у кожным нумары “патрабуюцца, патрабуюцца, патрабуюцца…” Толькі за восем месяцаў гэтага года ў нашым раёне створана 195 рабочых месцаў. З цягам часу будзе ў Шуміліне і свая гасцініца, магчыма, і свае каледжы.
А хібаў знайсці няцяжка і ў вялікім горадзе са шматвекавой гісторыяй — і па разбітых дарогах, тратуарах, па адсутнасці цэнтральнай каналізацыі. Гэтага, на жаль, хапае ўсюды, не толькі ў Шуміліне.
Падрыхтавала
Аліна ПЯТРОВА.
Опубликовано в №69 от 7.09.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *