Шумилинщина — дачный рай. КРУПЕНИНО: тут живут только дачники

Главное Край шумілінскі Мир увлечений Общество

 КРУПЕНІНА:  тут жывуць адны дачнікі

Ад аўтадарогі Віцебск-Полацк, дзе стаіць аўтобусны павільён з надпісам Крупеніна да вёскі рукой падаць – усяго 600 метраў будзе. Так што дабірацца на рэйсавым аўтобусе зручна.

Крупеніна – дачная вёска ў Обальскім сельсавеце, тут няма ніводнага пастаяннага жыхара. Ва ўсе 14 дамоў прыязджаюць дачнікі з Полацка, Наваполацка, Мінска, Віцебска, Обалі. Для большасці з іх Крупеніна – малая радзіма, дзе прайшло дзяцінства і маладосць. Вёска падабаецца тым, што побач лес, балота, працякае рэчка Обаль.

Многа гадоў прыязджае з Мінска ў бацькоўскі дом Валерый Абраменка з жонкай Галінай Сяргееўнай. Валерый жыве тут з ранняй вясны да канца лістапада, кожную сцяжынку ведае з заплюшчанымі вачыма з дзяцінства. «Да вайны тут быў калгас імя Сталіна, потым – імя Леніна, затым “Рассвет” і “Расія” (апошнім кіраваў старшыня Пётр Аляксандравіч Тартакоўскі), – падзяліўся ўспамінамі Валерый Ягоравіч. – Спачатку Крупеніна было цэнтрам калгаса, а затым кантору перанеслі ў Грудзінава. У нашай вёсцы размяшчалася больш за тры дзясяткі дамоў. Былі ферма, клуб, васьмігадовая школа, бібліятэка, магазін.

Бывала, нас, хлопцаў, збіралася на танцы больш за дваццаць, а дзяўчат было менш. Але за іх у бойку не кідаліся, жылі ўсе дружна». У бацькоў Валерыя Абраменкі было шасцёра дзяцей, усе з дзяцінства былі прывучаны да працы. Валерый у дзявятым класе ўладкаваўся Валянціна і Сцяпан Крываносы з падлеткамі працаваць на балота – збіралі карчы. Помніць, што зарабіў тады вялікія грошы – ажно 240 рублёў (бацька з маці разам не атрымлівалі столькі ў калгасе). Аддаў маці на пакупку адзення і розных гаспадарчых тавараў. У дзяцінстве Валерый летам вязаў з бацькам венікі для Полацкага лазневага камбіната. Бацькава навука яму спатрэбілася і ў сталым узросце, бо попыт на венікі на Обальскім базары вялікі.

Калі не Абраменкі, значыць, заезджыя

Калі Крупеніна была вялай вёскай, большасць яе жыхароў мелі прозвішча Абраменкі. Прычым, сваякоў было нямнога. Калі ў сям’і было іншае прозвішча – значыць, людзі заезджыя, кажа Генадзь Абраменка, якога сустрэлі з мотаблокам на агародзе.

«Пераворваю глебу, раблю севазварот, як калісьці рабіў мой бацька Палікарп Аляксеевіч, які ў гэтай вёсцы многа гадоў быў старэйшынам, – кажа Генадзь Палікарпавіч. – У вёску прыязджае жонка і сястра. І так будзе, пакуль ёсць сілы».

Свая Валянціна Церашкова

Калі ў Крупеніне гавораць пра Валянціну Церашкову, то ўсе ведаюць, што гэта не касманаўтка, а свая, крупенінская. Праўда, Валянціна Мікалаеўна даўно памяняла прозвішча на Крыванос, бо муж не згадзіўся ўзяць жончына. Цяпер разам са Сцяпанам Сямёнавічам прыязджаюць у Крупеніна, мужу гаючае свежае паветра толькі на карысць – знікла алергія, якую “нажыў на вытворчасці ў Наваполацку”.

Дому, у які прыязджаюць Крываносы, сёлета сто гадоў з дня пабудовы. А дастаўся ён Валянціне ў спадчыну ад бабулі Пелагеі, першай прыгажуні на вёсцы, якую дзядуля засватаў у Карпеках Полацкага раёна. Пелагея практычна і выгадавала Валянціну, яе дзеці так і клікалі – бабуліна ўнучка. У вёсцы кажуць, што дом Крываносаў “самы элітны” – тут вада праведзена ў дом (ёсць і бойлер для падагрэву), зроблена каналізацыя, падключана відэаназіранне. А Сцяпан Сямёнавіч прыязджае сюды і зімой амаль кожны тыдзень і сам сябе прызначае “дзяжурным па вёсцы”.

“Прадаўцы стараюцца”

Да позняй восені жыве ў Крупеніне Ала Карабешка з Полацка. Тут у яе два дамы (большы і меншы), якія будавалі бацька і муж. З Крупенінам звязаны самыя светлыя ўспаміны дзяцінства. Ала Васільеўна даглядае агарод і сад, і падчас нашага прыезду абразала сухія галінкі пладовых дрэўцаў. Гэтаму навучыла яе маці Яўгенія Арцёмаўна Суворава, якая працавала старшынёй Лявонаўскага сельвыканкама.

Ала Карабешка расказала, што часта купляе прадукты ў аўтамагазіне. «Не гарадскі супермаркет, але ж неабходнае ёсць. Прадаўцы стараюцца», – выказала сваю думку жанчына.

Захоўваюць памяць пра франтавіка

Самая старэйшая дачніца ў Крупеніне – Аляксандра Аляксееўна Мацвеева, якой пайшоў 87-ы год. Яна раней рупілася цялятніцай на мясцовай ферме, а сёння яшчэ працуе на агародзе, зрабіла нядаўна градкі пад зімовы часнок. І насенне ўсё сама купляе да пасяўной, нікому не давярае. А. А. Мацвеева расказала, што ў вайну ў іх доме пасяліліся немцы, а гаспадароў выгналі жыць у лазню. Непадалёк ад вёскі ішлі моцныя баі – людзі пасля ваеннага ліхалецця знаходзілі не толькі патроны, але і супрацьтанкавыя міны.

Многія землякі ваявалі на франтах – Нікіценка Васіль Піліпавіч, Старавойтаў Васіль Навумавіч, Абраменка Іван Сцяпанавіч. Бацька Аляксандры Аляксей Міхайлавіч Абраменка вярнуўся з вайны без рукі. І сёння дачка беражліва захоўвае ягоны партрэт.

Аляксандра Мацвеева прыязджае ў Крупеніна з дачкой Вольгай Глунцовай, якой таксама вельмі падабаецца вёска. Разам з маці прапальвае печку, бо катлеты і тушаная бульба, прыгатаваныя ў ёй, самыя смачныя ў свеце.

Ларыса ЗАЙЦАВА.

Адкуль пайшла назва вёскі?

Сталыя жыхары Крупеніна кажуць, што даўней у кожным доме вёскі быў ручны млын, на якім малолі муку для выпечкі хлеба, аладак і булак. Адрэгулюеш млын – можна было і крупы рабіць. Асабліва ўдаваліся ячневыя. Крупамі кожная сям’я забяспечвала не толькі сябе, але і сваіх сваякоў з суседніх населеных пунктаў. Адсюль і назва – Крупеніна.

ЦІКАВЫЯ  ФАКТЫ  ПРА  КРУПЕНІНА

У вёсцы адна вуліца.
Дачнікі прыязджаюць з Полацка, Наваполацка, Мінска, Віцебска, Обалі.
Апошні дом купілі ў гэтым годзе, больш на продаж няма.
У Крупеніне ёсць два ўчасткі для будаўніцтва дома.
У вёсцы 8 калодзежаў, большасць з іх прыватныя.
На двух дачных падворках ёсць куры, на адным – качкі.
Адзін дачнік разводзіць пчол.
Самая старэйшая дачніца Крупеніна размяняла дзявяты дзясятак, самаму маладому дачніку – 40 гадоў.
Самаму старому дому ў Крупеніне больш за сто гадоў.
У выхадны летні дзень у Крупеніне можна налічыць больш за трыццаць дачнікаў.
Адзін дачнік у вёсцы выпісвае раённую газету.
Агароды ў Крупеніне апрацоўваюць мотаблокамі і канём (на ім з Полацкага раёна прыязджае прыватнік).
На супрацьлеглым беразе рэчкі ад в. Крупеніна знаходзіцца вёска Абалянка, якая раней называлася Паўшляхты.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *