Дом рамёстваў упрыгожыў беларускі арнамент
55 тысяч рублёў бюджэтных сродкаў сёлета было выдзелена на добраўпарадкаванне Шумілінскага Дома рамёстваў – на абнаўленне фасада і іншыя знешнія работы.
Удалося зрабіць новы ўваходны і задні ганкі, адлівы на вокнах, перакласці дарожку і самае галоўнае – увасобіць у жыццё цікавую ідэю ў афармленні
фасада. Задумка заключалася ў тым, каб твар установы быў «гаворачым», гэта значыць любы чалавек мог адразу зразумець, што гэта не проста будынак, а сапраўдны Дом творчасці.
«Мы так доўга чакалі і спадзяваліся, а цяпер вельмі шчаслівыя, што нарэшце наш Дом рамёстваў змяніўся», – натхнёна расказала кіраўнік Анжэла Сяргеева.
Дзякуючы карпатлівай рабоце кампаніі ТАА «БудКамГарант», мара рамеснікаў стала рэальнасцю. Цяпер Шумілінскі Дом рамёстваў упрыгожвае беларускі арнамент. Ён размясціўся на чатырох кутах будынка, сімвалізуючы агонь. Трафарэты для нанясення малюнка зрабіў муж Анжэлы Віктараўны, каляровае рашэнне ў афарбоўцы было даверана самім майстрам Дома рамёстваў. Белы колер увасабляе чысціню і свет, чырвоны – сілу і жыццё, а зялёны (перыферыйнае месцазнаходжанне Дома рамёстваў у мікрараёне былога торфапрадпрыемства «Дабееўскі мох») – надзею, здароўе і адраджэнне.
Дом рамёстваў нядаўна стаў філіялам цэнтра культуры, але яго асноўная задача засталася нязменнай – захаванне, аднаўленне і папулярызацыя народных промыслаў Шуміліншчыны. У творчым Доме зараз працягваюць развіваць дзевяць відаў народных рамёстваў: лазапляценне, саломапляценне, шматковая тэхніка, маляванка, выцінанка, вышыўка, набіванка, ганчарства і народны касцюм. Тут працуюць два аматарскія аб’яднанні са званнем «народны»: студыя народных рамёстваў «Спадчына» і народны калектыў аматараў беларускай кухні і фальклору «Разынка», паспяхова дзейнічае і развіваецца ўзорны лялечны тэатр «Батлейка».
Сёлета калектыў вопытных майстроў папоўніў малады спецыяліст Яўген Дворка з Віцебска. Ён скончыў Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж, па спецыяльнасці мастак, настаўнік. 19-гадовы майстар-пачатковец Дома рамёстваў плануе асвойваць новыя тэхнікі і падыходы на першым месцы работы. І калектыў яму ў гэтым актыўна дапамагае.
Дар’я ЧАПУРНОВА

