Посвящение в первоклассники прошло в Шумилинской детской школе искусств

Культура Образование

Вялікае свята для творчых першакласнікаў

Вечар пятніцы сабраў поўную залу Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў. Дзеці, іх бацькі і педагогі прыйшлі на традыцыйнае мерапрыемства – прысвячэнне ў першакласнікі.

Першыя тры рады па праве занялі маленькія віноўнікі ўрачыстасці – пачаткоўцы. Іх сёлета паступіла ў першы клас 104 чалавекі (з улікам вучняў філіялаў у Обалі, Мікіцісе, Кардоне, Башнях і Сіроціне). Менавіта для іх кіраўніцтва школы, педагогі і старэйшыя таварышы падрыхтавалі канцэрт і падарылі першую магчымасць выйсці на сцэну і паказаць сябе.

Юныя таленты ў дыялогу з вядучай Аленай Сініцкай расказалі пра сябе, творчыя мары, любімыя прадметы і песні. Ад педагогаў будучыя музыканты, танцоры і мастакі атрымалі падарункі. Яркім героем на дзіцячым свяце была Лянота. Ролю выконвала аўтар сцэнарыя і мадэратар канцэрта Ганна Каламіец. Дзеці з вялікім захапленнем адказвалі на пытанні музычнай тэмы і пад канец вечара перамаглі Ляноту. Яна захацела таксама вучыцца, ведаць ноты і гамы, выдатна спяваць і граць на інструментах.

Дырэктар школы Алена Сцяпанава пажадала дзецям здароўя, поспехаў і горда несці званне вучня Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў. Фінальнай кропкай вечара стала клятва вучняў і бацькоў. Адны паабяцалі быць актыўнымі, любіць творчасць і не прагульваць урокі, а другія – дапамагаць сваім дзецям і часам песціць смачненькім.

 Слова – дырэктару Шумілінскай ДШМ Алене Сцяпанавай

«Усяго ў Шумілінскай ДШМ набор дзяцей ажыццяўляецца па 4 напрамках: музычны, выяўленчы, харэаграфічны і лічбавы (навучанне ігры на сінтэзатары). Папулярным аддзяленнем сярод жадаючых з’яўляецца інструментальнае аддзяленне гітары і фартэпіяна. У школе працуе і падрыхтоўчае аддзяленне. Пасля яго ёсць больш шанцаў трапіць да пэўнага педагога і ва ўпадабаны клас (баяна, фартэпіяна, гітары, віяланчэлі, трамбона, трубы, цымбал, флейты, ударных і інш.). Вучыцца ў дзіцячай школе мастацтваў – не толькі цікава, але і карысна. Яна развівае памяць, слых, уяўленне, крэатыўнасць, лагічнае і прасторавае мысленне, фарміруе пачуццё прыгожага, дапамагае выказваць эмоцыі, выхоўвае дысцыпліну, працаздольнасць і сілу волі, вучыць працаваць у камандзе і ўпэўнена паводзіць сябе ў грамадстве і на сцэне».

Дар’я ЧАПУРНОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *