Сям’я Купрыянавых у чаканні наваселля
Каб “замахнуцца на новы дом”, трэба самому хоць крыху разбірацца ў будаўніцтве, мець фінансавыя запасы, падтрымку родных і сяброў, перакананы Вадзім і Ірына Купрыянавы з аграгарадка Мікіціха, якія на днях справяць наваселле.
Сям’я прызнаецца, што, маючы двухпакаёвую кватэру з усімі зручнасцямі, не марыла пра ўласны дом і тым больш не думала займацца будоўляй. Вадзіму ў спадчыну ад бабулі дастаўся старэнькі дом з участкам. Зразумела, што трэба было навесці парадак, бо і да гэтага трымалі тут агарод. Гаспадар разабраў стары дом, узяўся за будаўніцтва майстэрні для рамонту легкавога аўтамабіля. Потым узвялі лазню. Тэрыторыю ўчастка абгарадзілі металапрофілем. Атрымалася прасторна, улічваючы, што сельсавет па заяве сям’і выдзеліў дадаткова 17 сотак. «Можа, і дом пабудаваць?» – неяк падзяліўся думкамі Вадзім. Жонка і старэйшая дачка падтрымалі.
Вадзім Купрыянаў, які працуе вадзіцелем ПАРЧ № 1 райаддзела па надзвычайных сітуацыях, расказаў, што было лягчэй у тым плане, што ў сельскай мясцовасці можна будавацца па спрошчанай працэдуры – без зацверджанага праекта дома, галоўнае – дакладна захоўваць межы ўчастка. Узвядзенне дома распачалося ў 2023 годзе, на фундамент пайшло каля 300 мяшкоў цэменту. Спатрэбілася 45 кубаметраў газасілікатных блокаў, 10 кубоў лесу для крокваў – Вадзім помніць гэтыя лічбы дакладна. Будаваць дапамагалі бацька Ігар Васільевіч, сябры і калегі. Падсобнымі рабочымі былі і жонка Ірына, і старэйшая дачка Юля. Дах накрылі металачарапіцай, залілі “чарнавую” падлогу, праклалі пад ёй вадзяныя трубы для абагрэву, уцяплілі пенаплексам.
За два гады ў Мікіцісе па вуліцы Спірыдзенка вырас новы дом, які нядаўна здадзены ў эксплуатацыю. Першы паверх адведзены пад прыхожую, жылыя пакоі, кухню і санвузел. На другім – яшчэ два жылыя пакоі. Праведзена электраацяпленне, іншыя камунікацыі.
Агульную суму, якая была затрачана на дом, Купрыянавы не агучылі. Сказалі, што фундамент абышоўся ў восем тысяч рублёў, сцены – у дзесяць тысяч. Крэдытам не карысталіся, былі свае зберажэнні, матэрыяльна дапамагалі бацькі з абодвух бакоў – без іх бы не справіліся.
Задача сям’і на бліжэйшы час – унутраная аддзелка. Купрыянавы ўжо спланавалі, што ў жылых пакоях пакладуць на падлогу ламінат, у астатніх – плітку. Сям’я з нецярпеннем чакае, калі пераселіцца ў новы дом, дзе будзе прасторна і светла. Дачка Юля, якая зараз вучыцца ў выпускным класе, нават жартуе, што паступаць будзе ва ўстанову бліжэйшага горада, каб кожныя выхадныя прыязджаць да бацькоў у новы дом.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
КАМПЕТЭНТНЫ КАМЕНТАРЫЙ
Прыватнае будаўніцтва: вёска будуецца хутчэй
Юлія ЗЯНЬКОВА, начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама:
– З пачатку года ў раёне ўведзена ў эксплуатацыю 25 індывідуальных жылых
дамоў агульнай плошчай 2722 метры квадратныя, што на 31,9% больш, чым у мінулым годзе. 17 з 25 дамоў пабудаваны ў сельскай мясцовасці. Згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці ад 19 ліпеня 2023 года № 289-З будавацца на вёсцы можна па спрошчанай схеме. Гэта значыць, каб пабудаваць дом пятага класа складанасці (вышынёй да 7 метраў і архітэктурнай вышынёй да 12 метраў) на сяле, не трэба распрацоўваць праектную дакументацыю. Дастаткова мець дакумент, які пацвярджае права чалавека на зямельны ўчастак.
Пры гэтым трэба памятаць, што адлегласць ад граніц суседняга зямельнага
ўчастка павінна складаць не менш за тры метры, ад нежылых капітальных
пабудоў – не менш за два метры.

