Чужых дзяцей не бывае
Наколькі эфектыўна арганізавана ў раёне міжведамасная работа па выяўленні і суправаджэнні непаўналетніх, якія знаходзяцца ў неспрыяльнай для іх абстаноўцы, абмеркавалі ўдзельнікі адкрытага пасяджэння раённага выканаўчага камітэта пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Мікалая Будневіча.
Чужых дзяцей не бывае. Гэта не модны слоган, а клопат дзяржавы ў адносінах да неблаганадзейных сямей, дзе бацькі насуперак сваім прамым абавязкам займацца выхаваннем дзяцей, забяспечваць ім камфортнае і бяспечнае жыццё, клапаціцца пра іх здароўе, развіццё і вучобу, кідаюць на волю лёсу, а часам і наогул адмахваюцца і выкрэсліваюць з жыцця.
Прычына сацыяльнага сіроцтва, як паказвае жыццё, крыецца часцей за ўсё
ў п’янстве бацькоў. Тым не менш, могуць сабе дазволіць некаторыя нашы
таты і мамы не гатаваць ежу, не лячыць хворае дзіця, перашкаджаць атрыманню адукацыі, дапускаць пражыванне дзяцей у небяспечным жыллі, яшчэ горш – жорстка абыходзіцца з малымі і прымяняць фізічнае насілле. Менавіта такія негатыўныя з’явы павінны быць своечасова выяўлены, каб распачаць барацьбу за дабрабыт сям’і і шчаслівае дзяцінства.
Гэтым і займаюцца суб’екты прафілактыкі, якім дадзены паўнамоцтвы абараняць дзіцячыя правы.
У сваім дакладзе намеснік старшыні райвыканкама старшыня раённай камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Ірына Шалахава расказала, што ў раёне склалася пэўная сістэма работы па суправаджэнні сем’яў, у якіх дзеці прызнаныя маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Работа накіраваная на рэалізацыю комплексу мерапрыемстваў па аднаўленні бацькоўскага патэнцыялу і сям’і. Ёсць пэўныя поспехі, ёсць і праблемныя моманты, галоўнае – суб’екты прафілактыкі разумеюць, над чым варта працаваць больш плённа.
Даклад дапоўнілі намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Ірына Саўчанка і галоўны ўрач Шумілінскай ЦРБ Святлана Лінкевіч.
Некалькі слушных і крытычных заўваг зрабіла Святлана Троханава, намеснік
старшыні камісіі па справах непаўналетніх Віцебскага аблвыканкама, якая прымала ўдзел у абмеркаванні пытання. За 10 месяцаў у аддзел па адукацыі райвыканкама паступіла 150 паведамленняў ад суб’ектаў прафілактыкі пра неспрыяльную для дзяцей абстаноўку ў сем’ях. Летась было 250. Няўжо сем’і выправіліся, сітуацыя значным чынам стабілізавалася альбо ёсць пытанні да пільнасці і ўважлівасці тых жа сацыяльных педагогаў, класных кіраўнікоў, іншых зацікаўленых службаў? Насцярожваюць неадзінкавыя факты парушэння тэрмінаў перадачы інфармацыі ў аддзел па адукацыі райвыканкама аб выяўленні неспрыяльнай для дзіцяці абстаноўкі, што пазбаўляе магчымасці дзейнічаць аператыўна і больш эфектыўна. Некаторыя факты, заўважыла Святлана Троханава, указваюць на няякаснае правядзенне сацыяльнага расследавання і прыняцце неабгрунтаваных высноў аб адсутнасці неспрыяльнай для дзяцей абстаноўкі і нацэліла на павышэнне эфектыўнасці сумеснай работы. «Чужых дзяцей не бывае, – падсумавала яна. – Дзеці павінны быць у дзяцінстве і жыць ў такіх умовах, у якіх мы хацелі б, каб жылі нашы дзеці».
Міжведамаснае ўзаемадзеянне па абароне правоў і законных інтарэсаў дзяцей будзе эфектыўным і дасць станоўчыя вынікі толькі пры цесным кантакце і зладжанай каманднай рабоце ўсіх зацікаўленых структур, адказным выкананні сваіх абавязкаў.
Алена КАРПУШЭНКА.
ЛІЧБЫ З ДАКЛАДА
На 1 лістапада ў дачыненні да 71 дзіцяці, якое выхоўваецца ў 35 сем’ях, устаноўлена наяўнасць крытэрыяў і паказчыкаў сацыяльна небяспечнага становішча. Прычынай сямейнага недабрабыту ў адносінах да 39 дзяцей з 19 сямей з’яўляецца п’янства бацькоў.
З пачатку года 4 сям’і, дзе выяўлена наяўнасць крытэрыяў і паказчыкаў СНС, атрымалі дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу ў выглядзе штомесячнай сацыяльнай дапамогі.
Пры падтрымцы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне
райвыканкама працаўладкавана 7 бацькоў.
У выніку ліквідацыі крытэрыяў і паказчыкаў СНС, за студзень-кастрычнік знятыя з уліку 115 дзяцей з 49 сем’яў (за аналагічны перыяд 2024 года – 94 дзіцяці з 38 сем’яў).
За 10 месяцаў 43 дзіцяці з 18 сямей паўторна прызнаваліся ў СНС.
16 непаўналетнім з 3 сем’яў рашэннем райвыканкама прадастаўлены статус дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. У цяперашні час трое бацькоў (2 сям’і / 14 дзяцей) пазбаўлены бацькоўскіх правоў.

