Рождественская ярмарка прошла в Шумилино

Актуалии Культура Общество

Очередь за поливкой

Народ прывабілі таннае мяса, забавы і поліўка…
Пачнём з таго, што народу на калядным кірмашы было не так багата, як, скажам, на восеньскім, калі людзі запасаюцца на зіму збожжам, агароднінай, жыўнасцю. Калядны кірмаш, праўда, не ставіў на мэце гандляваць тым, чым чалавек запасся, хаця ўсё ж стаялі машыны з зернем і паколатымі дрывамі. Калі збожжа той-сёй браў (не такое і дарагое: менш за 2 тысячы за кілаграм), то   дровы аказаліся спажыўцу не па кішэні: за 6 “кубоў” трэба было выкласці больш як паўтара мільёна рублёў. Такіх ахвотнікаў не знайшлося.  Тым не менш забаў на кірмашы хапала. Як і калядных песень, як і  мяса, шашлыкоў і не толькі гэтага да свята (Стары Новы год – свята, да якога  многія з нас ставяцца паважліва).
Знаёмая кухня колеру хакі стаяла на сваім звычайным месцы, і спачатку не вельмі прыманьвала народ, а пасля і чэргі стаялі. Адзін знаёмы прызнаўся: “На кірмаш прыходжу толькі дзеля поліўкі. Не кожная гаспадыня так прыгатуе…”. А пастараліся повары з “Блюза” і “Фартуны”. Дарэчы, “Фартуна” гандлявала і мясам на разруб, паста-віла прымальную цану і зарабіла, як прызналася  шэф-повар, 5 мільёнаў рублёў.
Ні адзін кірмаш не абыходзіцца без песень. На гэты раз яны былі калядныя, і песні чаргаваліся з забаўнымі  імправізацыямі і танцамі (а без танцаў у той дзень наўрад ці абышоўся б, бо  марозік быў някволы). Пастараліся работнікі культуры, запальвалі сэрцы людзей сваёй агністасцю і задорам. А пад ёлкай апошнія свае дзянькі “дажывалі” Снягурка і Дзед Мароз, наладзіўшы розыгрыш навагодняй латарэі.
Не меншы задор і захапленне панавалі на снежных і лядовых пляцоўках, на стадыёне, куды заехалі трое саней, запрэжаных коньмі. І сані прываблівалі сваім святочным убранствам.   Каталіся дзеці, ляцелі жвава па стадыёне коні, а побач   на каньках  на залітым катку цешыліся дзеці і дарослыя. На пацеху многім было пастраляць з пнеўматычнай вінтоўкі, пакідаць абручы на стойку, пагуляць на снезе ў футбол, паганяць шайбу, разыграць партыю ў шашкі. Спартыўныя гульні ў асноўным праводзіліся побач з СШ № 1. Тут жа, акрамя ўсяго, гулялі ў кеглі, закідвалі вуду з прынадай у слоік з вадой. А вакол самай галоўнай ёлкі раёна была, відаць, наўмысна зроблена  коўзанка – каб каталіся дзеці. І яны не прамінулі такога выпадку,  з гіканнем і смехам шлёпаліся аб слізкі лёд…
Гандлявалі, аднак, не толькі прысмакамі і мясам. Прадаваўся тавар з лёну і іншай дабротнай тканіны (льнозавод і КБА), свае выштукаваныя вырабы прапаноўваў цэнтр дзяцей і моладзі – ды хіба пералічыш усіх, хто рыхтаваўся да свята, хто стараўся, каб заўважылі, каб набывалі, каб радаваліся сваім удалым  пакупкам.  Прыкра, што з сельгаспрадпрыемстваў на свяце ўзялі ўдзел усяго два  – “Шумілінскі райаграсэрвіс» і ААТ “Лаўжанскі”.
Мікалай ШОСТАК.
Надрукавана ў №4 ад 15.01.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *