О традициях празднования католического Рождества на Шумилинщине рассказывают жители Кардона и Николаево

Духоўнае Общество

Няхай свет поўніцца святлом і радасцю

Нараджэнне Хрыстова, якое святкуецца ў каталіцкіх вернікаў 25 снежня – асаблівае свята, чароўнае, добрае і душэўнае.

Існуюць перадсвяточныя традыцыі, пра якія нам расказала жыхарка Кардона Валянціна Літоўка.

«Адвэнт – месяц чакання Ражаства, калі ўпрыгожваем нашу мясцовую каплічку Маці Божай Будслаўскай, – расказала Валянціна Аляксандраўна. – Яшчэ ў канцы лістапада зрабілі вяночак з елачак, упрыгожылі яго і побач паставілі тры фіялетавыя і адну ружовую свечкі. Запальваем іх па адной кожную нядзелю. Кожная свечка мае свой сэнс: першая – надзея на збаўленне, другая – мір у душы, трэцяя – чаканне, што прыйдзе Збавіцель, чацвёртая – любоў ха Хрыста і бліжняга. Перад Ражаством ставім у каплічцы ёлку. Робім вярцеп – увасабленне сцэны нараджэння Хрыстова ў яслях, упрыгожваем іх дожджыкам і гірляндай. Побач – Маці Божая, Іосіф – апякун Ісуса Хрыста, анёлы, а таксама жывёлы – ягняты, авечкі».

Каплица в агрогородке Кардон.

24 снежня да Валянціны Аляксандраўны ва ўпрыгожаны дом прыходзяць сын, нявестка, унук. Ладзіцца вігілія – святочная посная вячэра. Спачатку дзеляцца адзін з адным аблаткамі – посным тонкім хлебам з выявай Ісуса Хрыста і Божай Маці, які прывозіць у каплічку ксёндз Аляксандр з Бешанковічаў.

Па традыцыі на посную вячэру рыхтуюць 12 страў. З абавязковых страў – куцця, запечаныя гусь ці індычка (іх замяняюць на курыцу), а таксама цукеркі для дзяцей. У шэсць гадзін вечара вернікі збіраюцца на перадсвяточную службу ў касцёле ў Уле. А ўжо непасрэдна на Ражаство, 25 снежня, у каплічцы ў Кардоне ладзіцца святочная служба. На яе прыязджаюць вяскоўцы з Федзькава, Гусінцаў, Андрэева, Мікалаева.

Традыцыі шануе і моладзь.

«Для нас свята Ражаства – самае вялікае і значнае, – расказала Вольга Белавусава з Мікалаева. – 25 снежня мы наведваем службу ў касцёле Святой Тройцы ў Уле. Калі прыходзім дадому, уключаем гірлянды на ёлцы, у пакоях і на вуліцы. На стол ставім святочныя стравы: абавязкова галубцы, паляндвіцу, катлеты. Асабліва чаканае Ражаство для нашых траіх дзяцей, бо для іх пад ёлку Святы Мікалай прыносіць і кладзе падарункі. Гэты дзень для нас напоўнены святлом добрага настрою і радасці».

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *