Доска Почёта Шумилинского района: Наталья Инц

Актуалии Образование Общество

Наталля Інц: “Мне ёсць што сказаць вучням”

У школах нашага раёна зараз працуе 420 педагогаў. І кожны раз перад Днём настаўніка перад рэдакцыяй стаіць нялёгкі выбар: каго сярод іх – таленавітых, яркіх, высокакваліфікаваных –  выбраць, чый партрэт у святочны дзень упрыгожыць першую старонку раённага выдання, пра каго калегі з усёй шчырасцю скажуць: “Гэты настаўнік заслужыў, каб пра яго сказалі добрае слова”?
Наталля Станіславаўна Інц, настаўнік рускай мовы і літаратуры Шумілінскай СШ №1. Прафесіянал вышэйшай пробы (ці кваліфікацыі – на мове педагогаў), мае за плячыма 35 год (140 вучэбных чвэрцяў, незлічоную колькасць урокаў, факультатываў, дадатковых заняткаў, горы правераных сшыткаў), а таксама адметны арганізатарскі вопыт – яе кандыдатура здаецца бясспрэчнай. І як бы хто скептычна не адносіўся да сродкаў маральнага заахвочвання, але ў дадзеным выпадку партрэт Н. С. Інц на Дошцы гонару Шумілінскага раёна сапраўды заслужаная павага.
Яе калега Г. М. Масюкова выдае кароткую і змястоўную экспрэс-характарыстыку: “Высокі прафесіянал, несумненны аўтарытэт сярод настаўнікаў і вучняў, выдатны ініцыятар і арганізатар, валодае скрупулёзнасцю і ўменнем давесці справу да завяршэння, пры гэтым сціплая, з выдатным пачуццём гумару, камунікабельная. Адным словам, сямёнаўская загартоўка”.
У невялічкай школьнай “лабаранцкай”, якую Наталля Станіславаўна дзеліць са сваімі калегамі-моваведамі, мы размаўляем пра будні настаўніка, пра ўплыў часу на адукацыйны працэс, пра ролю ў гэтым кантэксце літаратуры.
– А ці па сілах сучасным дзецям адолець “Вайну і мір”? – задаю правакацыйнае пытанне, ведаючы, што ва ўсе часы гэты раман-эпапея быў няскоранай вяршыняй для многіх вучняў.
Пытанне прымушае настаўніцу спахмурнець, яно закранула самае балючае.
– Раней на “Вайну і мір” адводзілася 40 гадзін, зараз – удвая менш, – уздыхае філолаг. – У старшых класах зараз адзін урок літаратуры на тыдзень у першым паўгоддзі і два – у другім. Тое ж і з мовай. Скажыце, што можна паспець за гэты час, як зацікавіць сучасных школьнікаў з іх кліпавым мысленнем? Як данесці, што літаратура – не проста ўрок, а надзейны арыенцір па жыцці, які дае адказы літаральна на ўсе пытанні, з якімі давядзецца сутыкнуцца кожнаму ў працэсе сталення?
Ведаеце, мой вопыт дазваляе мне думаць, што я магу даць вучням той бясцэнны багаж назапашанага чалавецтвам вопыту, схаваны ў сумных на першы погляд падручніках рускай мовы і літаратуры, які ім будзе вельмі патрэбны і карысны ўсё жыццё. Толькі як зрабіць, каб дзеці захацелі ўзяць гэты багаж? Я ўжо не кажу пра тое, што ўсім выпускнікам трэба здаваць тэсты па мове. А веды наскокам не возьмеш.
Засмучае і тое, што нам каторы ўжо год не даюць профіль. Кажуць, уперад трэба прапусціць матэматыку ў пары з фізікай, замежную мову. Нічога не маю супраць гэтых прадметаў, але ніяк не магу пагадзіцца з тым, каб руская мова і літаратура (і беларуская не ў лепшым становішчы) засталіся на ўзбочыне дарогі ведаў.
– Тым не менш і ў гэтых акалічнасцях вы знаходзіце магчымасць не толькі даваць добрыя веды, але і паспяхова ўдзельнічаць у розных конкурсах і алімпіядах.
– Дапамагаюць факультатыўныя заняткі, для іх з’явілася больш часу, калі я зняла з сябе абавязкі класнага кіраўніка, якія забіралі вельмі многа сіл. У гэтай сувязі ўспамінаецца папулярны сярод педагогаў анекдот (падаём яго на рускай мове, улічваючы адценні значэння слова “часы” –аўт.): “Поздно вечером учительница возвращается домой. На неё нападает грабитель: “Отдай часы”. А учительница ему: “Часы не отдам – классное руководство забирай”. Дзякуючы менавіта факультатыўным заняткам, у апошні час нам удалося атрымаць нямала перамог на абласных конкурсах. Так, у 2017-2018 гадах Арына Карпушэнка была прызёрам абласнога этапа міжнароднай алім-піяды Саюзнай дзяржавы “Расія – Беларусь: духоўнае адзінства”, а ў 2019 годзе Насця Барышава стала прызёрам абласнога этапа рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове. У гэтым жа годзе Максім Пашкевіч стаў прызёрам абласнога конкурсу “Рыфма.бай”.
– Вы самі закончылі Шумілінскую СШ №1 і пасля інстытута прыйшлі сюды працаваць?
– Не. Загадчык раённага ад-дзела адукацыі, а працаваў ім на той час не хто іншы, як Міхаіл Захаравіч Сямёнаў, сказаў: “Выбірай, ці выкладчыкам мовы ў Валатоўскую базавую школу (была такая за Мішневічамі – аўт.), ці арганізатарам па пазакласнай рабоце ў Лаўжанскую СШ”. Паехала ў Лаўжанскую, і ўсё жыццё я дзякую лёс за гэты першы настаўніцкі вопыт, за тое, што я трапіла не ў школу, а ў сям’ю, дзе цябе разумеюць, падтрымліваюць, накіроўваюць.
Наогул, у маім жыцці вялікую ролю сыгралі тры Марыі: Марыя Мікалаеўна Улюценка – мой класны кіраўнік, таксама Марыя Дзмітрыеўна Красікава і Марыя Аляксандраўна Лапо – дырэктар і завуч Лаўжанскай школы. Я бясконца ўдзячна ім, у іх гонар і малодшую дачку назвала Марыяй, дарэчы, яна таксама выбрала прафесію педагога.
А арганізатарам з лёгкай рукі Міхаіла Захаравіча я працавала аж да 1996 года (з невялікімі перапынкамі на «дэкрэт»). Спачатку ў Лаўжанскай школе, а на другім годзе маёй работы М. З. Сямёнаў прапанаваў перайсці ў СШ №1. Пайшла. І вельмі ўдзячна яму за сумесную работу, разуменне, падтрымку. Ён для мяне, як і для многіх іншых маіх калег, – узор сапраўднага настаўніка, гаспадара, чалавека. Мне пашанцавала, што я магу сказаць гэта праз газету ды яшчэ якраз напярэдадні нашага прафесійнага свята.
– У гэтыя выхадныя грамадства будзе святкаваць Дзень настаўніка. Шмат чакаеце віншаванняў?
– Шмат. І радуюся кожнаму. Асабліва кранальна, калі атрымліваеш віншаванне ат тых, хто даўно развітаўся са школай, а вось, бач ты, памятае. Прыемна, што хлопчыкі, у школе часта далёкія ад літаратуры, тэлефануюць, віншуюць. А некаторыя пачынаюць дасылаць sms-кі адразу пасля бою курантаў, маўляў, Дзень настаўніка настаў, прымайце віншаванні.
Прымайце віншаванні, Наталля Станіславаўна! Прымайце віншаванні ўсе, хто мае гонар насіць званне Настаўніка! Са святам вас!
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №78 ад 04.10.2019 г.