Акция «От всей души». День рождения — на Рождество

Общество

Дзень нараджэння – на Ражаство

У раёне працягваецца акцыя «Ад усёй душы», падчас якой віншуюць людзей шаноўнага ўзросту. Сярод іх нямала юбіляраў. Так, 25 снежня віншаванні з нагоды 90-годдзя прымалі Іван Кавалеўскі з райцэнтра і Васіль Зінкін з Обалі.

Карэспандэнт раённай газеты пабывала ў юбіляраў у такі важны і значны дзень. «У вас сёння прыгожая дата, – адзначылі, віншуючы Васіля Зінкіна, старшыня Обальскага сельвыканкама Сяргей Мураўёў і дырэктар ОКЗ Сяргей Ляўшоў. – Дзякуй вам за шчырую працу на карысць раёна і краіны». Да віншаванняў далучылася загадчык аддзялення ТЦСАН Таццяна Карнеева.

Васіль Ільіч Зінкін называе сябе дзіцём вайны – бацька загінуў на фронце, маці памерла, таму выхоўваўся ў дзіцячым доме. За шчасце лічыць тое, што сустрэўся з Фаінай Аляксееўнай, якая стала яго жонкай і вось ужо на працягу шасцідзесяці гадоў падтрымлівае ва ўсім. Васіль Ільіч больш за трыццаць гадоў адпрацаваў на Обальскім керамічным заводзе слесарам і прасаўшчыком, некалькі год на заслужаным адпачынку рупіўся аператарам кацельні УП ЖКХ. Радуецца сёння ветэран працы, калі з горада прыязджаюць дачка, чацвёра ўнукаў, сямёра праўнукаў.

Іван Кірылавіч Кавалеўскі ў свой 90-гадовы юбілей і з нагоды Божага Нараджэння апрануў святочную кашулю – вялікае шчасце нарадзіцца ў такі дзень. Павіншаваць юбіляра, сказаць цёплыя шчырыя словы і ўручыць падарунак прыйшла загадчыца аддзялення ТЦСАН Вікторыя Левіт.

«Я сын зямлі і ўвесь час адпрацаваў на ёй, – расказаў Іван Кірылавіч. – Нарадзіўся ў Дворышчы, што непадалёк ад в. Галі. З трынаццаці гадоў рупіўся ў калгасе, за плугам хадзіў, касіў, араў, працаваў з віламі, сякерай і рыдлёўкай. А ўвогуле мой стаж работы ў «Ленінскім прызыве» – каля сарака гадоў. Калі ажаніўся, з жонкай Марыяй жылі ў Ізгародзішчы, выхавалі дваіх сыноў. Цяпер ёсць маладая змена – унучка і двое праўнукаў». Вось ужо 12 гадоў Іван Кірылавіч жыве адзін, даглядае яго нявестка Валянціна з сынам Пятром.

Цёплыя ўсмешкі, шчырыя пажаданні, падарункі – усё гэта стала часткай светлых і добрых сустрэч з юбілярамі.

Ларыса КІСЯЛЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *