Ад марозаў ратуюць цяпло… і пажарная бяспека
Студзень выдаўся марозным, і ў такі час супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях актывізавалі прафілактычную работу – абходзяць дамы вяскоўцаў, аглядаюць пячное абсталяванне і нагадваюць правілы пажарнай бяспекі. У адзін з рэйдаў, разам з супрацоўнікамі райаддзела па надзвычайных сітуацыях і членамі назіральнай камісіі, адправіўся і карэспандэнт раённай газеты. Задача была праверыць, як жыхары населеных пунктаў Светласельскага сельсавета выконваюць правілы пажарнай бяспекі.
Пераважная большасць вяскоўцаў прытрымліваецца правілаў пажарнай бяспекі: трымаюць свае пячныя «абагравальнікі» ў спраўным і дагледжаным стане, разумеюць, наколькі важна правільна іх прапальваць у такія моцныя маразы. У многіх устаноўлены пажарныя апавяшчальнікі. Тым не менш, у некалькіх дамах у вёсцы Каравайніца інспектар РАНС Вадзім Півавараў зрабіў гаспадарам заўвагі і ўказаў на парушэнні. «Вы пра сваю бяспеку зусім не думаеце, – адзначыў інспектар. – Чаму ў аўтаномных пажарных апавяшчальніках няма элементаў сілкавання?». Ратавальнік уручыў прафілактычныя буклеты і нагадаў асноўныя правілы бяспечнага прапальвання печак: у моцныя маразы прапальваць два-тры разы і не больш чым па паўтары гадзіны, заканчваць прапальванне за 2 гадзіны да сну, сачыць за тым, каб мэбля і шторы знаходзіліся не менш чым у паўтара метрах ад печкі.
«Па выніках прафілактычных рэйдаў будзе зроблены аналіз работы назіральнай камісіі і выяўленых парушэнняў, вызначаны шляхі і тэрміны іх ліквідацыі, – адзначыў інспектар райаддзела па надзвычайных сітуацыях Вадзім Півавараў. – Адрасы парушальнікаў наведаем паўторна».
ПЯЧНЫЯ ПАРАДЫ АД РАТАВАЛЬНІКАЎ:
не выкарыстоўвайце для распальвання печкі гаручыя і лёгказагаральныя вадкасці;
перш чым закрыць засоўку печкі, пераканайцеся, што дровы поўнасцю згарэлі;
попел, вуглі, выдаленыя з печкі, павінны быць пралітыя вадой да поўнага іх затухання;
не дазваляйце прапальваць печкі і кантраляваць прапальванне дзецям.
Бяспечнай зімы!
Аляксандр ШЭДЗЬКО

