Как маленькая школа в Башнях добивается успехов на районном и областном уровнях

Образование

«Галоўнае – убачыць і развіць здольнасці вучня»

Екатерина Трус с учениками 9 класса, активными участниками школьных проектов

Башнеўская базавая школа – невялікая ўстанова адукацыі, тут вучыцца ўсяго 27 вучняў. Але, нягледзячы на малую колькасць вучняў, башнеўцы змаглі заваяваць два прызавыя месцы на абласных конкурсах і 8 – на раённых.

– Галоўнае – убачыць і развіць здольнасці вучня, – кажа дырэктар школы Валянціна Скірман. – Гэта можа быць і вучоба, і спартыўныя дасягненні, і валанцёрства. Калі вучань бу дзе зацікаўлены, то можна зрабіць многае.

Башнеўская школа заўсёды ўдзельнічае ў розных гуманітарных праектах. Менавіта праз іх і зацікаўліваюць дзяцей на карысныя і цікавыя справы, ствараюць сістэму паспяховасці. Найбольш вядомы – валанцёрскі праект «Башнеўскі дзвіж» (кіраўнік Марына Аляксеенка) – стаў брэндам не толькі школы, а і ўсяго аграгарадка.

Зараз башнеўцы ўзяліся за рэалізацыю школьнага праекта «Прафесіі і прадпрыемствы нашага краю». Пабывалі ў Шуміліне на экскурсіях у раённым ўчастку электрасувязі і ўчастку паштовай сувязі, наведалі шэраг каледжаў у Віцебску і Полацку, ну і, канечне, сталі частымі гасцямі на мехдвары мясцовага сельгаспрадпрыемства.

Намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце працуе Кацярына Трус, якая, па словах Валянціны Скірман, у душы так і засталася настаўніцай біялогіі. Кацярына Аляксандраўна з’яўляецца генератарам ідэй для экалагічных конкурсаў, акцый па добраўпарадкаванні. Яе апантанасць бачаць і вучні, якія з імпэтам уключаюцца ў сумесную работу. І яна прыносіць плён: башнеўцы занялі трэція месцы на абласным этапе рэспубліканскай акцыі па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый «Кветкі дабрыні» і на абласным этапе рэспубліканскага агляд-конкурсу прышкольных садовых участкаў «Сады міру і дабра».

«Кожны конкурс унікальны, – адзначае Кацярына Трус. – Важна, каб са сваёй працы вучні чэрпалі новае і карыснае. Толькі ў гэтым выпадку можна гаварыць пра выхаваўчы эфект. Так, падчас акцыі «Кветкі дабрыні» мы займаліся добраўпарадкаваннем брацкага пахавання ў аграгарадку, рабілі яго азеляненне. Гэта была не толькі экалагічная акцыя, а і краязнаўчая, і патрыятычная, бо вучні даведаліся шмат новага пра тых, хто тут пахаваны, наогул пра гісторыю помніка».

Не адставаць ад старшакласнікаў імкнуцца і вучні пачатковых класаў. Атрымліваецца няблага. Нядаўна дзеці пад кіраўніцтвам настаўніцы пачатковых класаў Валянціны Пахоменка занялі другое месца ў раённым конкурсе «Калядная зорка». І гэта добрае сведчанне таго, што ў башнеўцаў багата будзе перамог на самых розных узроўнях.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *