Субсідыя як старт для бізнесу

У нашай краіне дзяржава падтрымлівае тых, хто самастойна вырашае праблему з працаўладкаваннем, адкрывае сваю справу і робіць першыя крокі ў развіцці малога бізнесу.
СКАЗАНА
– Развіццё камфортнага бізнесасяроддзя – адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай эканамічнай палітыкі… Мы павінны зыходзіць выключна з інтарэсаў сваёй эканомікі. Улада ў роўнай ступені зацікаўлена, каб прыватны і дзяржаўны сектары, а таксама замежныя прадпрыемствы працавалі на агульны дабрабыт людзей і краіны. Мы павінны паставіць у роўныя ўмовы прыватныя і дзяржаўныя формы ўласнасці прадпрыемстваў. Прыватны сектар фарміруе палову ВУП, забяспечвае 37% прамысловай вытворчасці, менавіта на яго прыпадае трэць усіх інвестыцый. Таму развіццё камфортнага бізнесасяроддзя – адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай эканамічнай палітыкі.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, 17 лютага 2025 года.
У нашым раёне ў год адзін-два чалавекі карыстаюцца дзяржаўнай субсідыяй, расказала спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Людміла Семагіна.
Адзін з такіх прадпрымальнікаў – Ганна Карэліна з райцэнтра. «У мінулым годзе зарэгістравалася ва ўпраўленні па працы як беспрацоўная, бо шукала работу, – расказала Ганна. – Маё пачынанне аформіць прадпрымальніцтва па прадастаўленні цырульніцкіх паслуг, ламініраванні веек і броваў падтрымалі спецыялісты ўпраўлення. Пабывала на двухтыднёвых курсах, дзе навучылі, як адкрыць індывідуальнае прадпрымальніцтва, дапамаглі скласці бізнесплан. Потым выдзелілі субсідыю, яна склала 6938,7 рубля (15 бюджэтаў пражытачнага мінімуму). Дзяржаўныя грошы дазволілі зрабіць першыя крокі ў бізнесе і дапамаглі пачаць сваю справу з мінімальнай фінансавай рызыкай. На грашовую падтрымку закупіла кушэтку, люстэркі, крэсла ў зону адпачынку, ноўтбук і адкрыла студыю прыгажосці. Работай задаволена. У далейшым мяркую развівацца і ўдасканальвацца».
Субсідыю, прадастаўленую на развіццё бізнесу, вяртаць не трэба. Але ёсць адна ўмова: чалавек павінен быць зарэгістраваны ІП адзін год і ажыццяўляць дзейнасць у якасці індывідуальнага прадпрымальніка не менш за дзевяць месяцаў. Адпаведна, за гэты час плаціць падаткі.
Важна ведаць. З 1 лютага павялічаны памер субсідый для грамадзян, якія хочуць арганізаваць уласную прадпрымальніцкую справу. Памер падтрымкі залежыць ад рэгіёна. Напрыклад, у сельскай мясцовасці, а таксама ў раёнах з высокай напружанасцю на рынку працы субсідыя для беспрацоўных грамадзян субсідыя не перавышае 15кратны памер бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (7454,4 рубля).
Жыхарам Шуміліна могуць прадаставіць падтрымку ў памеры 11 БПМ (5466,56 руб.), бо раён сёлета не адносіцца да тых, дзе назіраецца высокая напружанасць на рынку працы. Для прадпрымальніцкай дзейнасці, звязанай з укараненнем навуковых даследаванняў і распрацовак, дзяржаўная падтрымка складае 20 БПМ (9939,2 рубля). Субсідыя ў такіх памерах дзейнічае да 30 красавіка 2026 года.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
