Шумилинский район в XIX — начале XX века. Канфессии, храмы, священники.

Край шумілінскі

Канфесіі, храмы, святары
Уявіць жыццё чалавека, асабліва селяніна, у XIX, ды і ў пачатку ХХ стагоддзя, без веры ў Бога немагчыма. Рэлігія ў жыцці грамадства, дзяржавы адыгрывала вялікую ролю. На рэлігійныя ўстановы ўскладваліся многія дзяржаўныя функцыі: рэгістрацыя шлюбаў, нараджэнняў і смерцяў. Рэлігійныя ўстановы і дзеячы ўсіх канфесій займаліся асветай і адукацыяй, маральным і духоўным выхаваннем насельніцтва. Пры храмах і манастырах ствараліся сацыяльныя ўстановы – багадзельні, якія падтрымлівалі адзінокіх састарэлых ці хворых людзей. Свяшчэннікі кіравалі царкоўна-прыходскімі школамі, яны выкладалі прадмет, які вывучаўся ва ўсіх навучальных установах – закон Божы. Аўтарытэт святароў быў вельмі высокі. Да таго, вясковыя святары былі, звычайна, узорнымі гаспадарамі.
У Расійскай імперыі з часоў Пятра I, калі была скасавана пасада патрыярха, руская праваслаўная царква стала часткай дзяржаўнай сістэмы. Ёй кіравала спецыяльнае ўпраўленне – Свяшчэнны сінод, які ўзначальваў дзяржаўны чыноўнік обер-пракурор. Сіноду падпарадкоўваліся адпаведныя структуры ў губернях і ўездах. Святары і царкоўныя служкі атрымлівалі зарплату ад дзяржавы, іх перамяшчэнне знаходзілася ў руках дзяржаўных устаноў.
Адпаведныя структуры былі створаны і для іншых канфесій – каталіцкай, пратэстанцкіх, іудзейскай, мусульманскай. Да 1839 года, калі ў Полацку была скасавана Берасцейская царкоўная ўнія 1596 года, дзейнічалі і ўніяцкія храмы.

Касцёл Прасвятой Дзевы Марыі ў непаротах (фота пачатку ХХ ст. з сайта radzima.by)

Касцёл

Каталіцкі касцёл на тэрыторыі Шумілінскага раёна згадваецца толькі адзін – у вёсцы Непароты знаходзіўся касцёл Успення Прасвятой  Дзевы Марыі з 4 прастоламі. Частка прыхаджан-католікаў  адносілася да касцёла ў мястэчку Ула Лепельскага павета. Непаротаўскі касцёл быў каменны, пабудаваны ў 1775 г. (па іншых даных 1745 г.) “мясцовым памешчыкам Міхаілам Мількевічам і сынамі ягонымі Сямёнам і Варфаламеем”.
У розны час ў касцёле служылі Венцаслаў  Геронцьевіч Парфіянавіч (1865), Венцаслаў Герасімавіч Пржэяглоўскі (1869), Маўрыкій Борздынскі (1889), Іосіф Канстанцін Францыск Венедыктавіч Гінтоўт (1900), Станіслаў Цыбулевіч (1905), Іосіф Пасейпаль (1912), Міхаіл Бузыцкі (1914).
Акрамя гэтага існавалі капліцы, пабудаваныя памешчыкамі-католікамі: Плігаўская (каменная), Непароцкая (драўляная), Міткаўская (драўляная). Час пабудовы гэтых капліц невядомы. Існавалі таксама капліцы ў Язвіне (драўляная, пабудавана ў сярэдзіне XVIII ст.), у Обалі (драўляная, пабудавана памешчыкам Грабніцкім у 1780 годзе), у маёнтку Тэкленвіль (каля в. Мікалаёва Андрэеўскай воласці, драўляная, пабудавана памешчыкам Рэўтам у 1780 годзе. У маёнтку Мікалаёва (цяпер не існуе) Мішневіцкай воласці існавала капліца, прысвечаная Каранаванню Божай Маці Святою Тройцай, пабудаваная ў 1823, асвечаная ў 1824 годзе, адноўленая 18 верасня 1861 года.
Абшчыны старавераў
Стараверы на тэрыторыі Беларусі з’явіліся ў XVII стагоддзі. Яны ўцякалі ў Рэч Паспалітую ад праследаванняў праваслаўнай царквы і расійскіх царскіх уладаў пасля царкоўнай рэформы патрыярха Нікана.
На Шуміліншчыне старавераў жыло, ды і цяпер жыве, даволі многа.  Стаўленне да іх у царскай Расіі было розным: то моцны прыгнёт, прымусовае аднясенне да РПЦ, то палёгка і пэўная самастойнасць у пытаннях веры.
У “Памятнай кніжцы за 1914 год” пералічваюцца наступныя абшчыны старавераў (паморскага пагаднення) і іх настаўнікі: Полцеўская (Прохар Савельевіч Федзяёў), Заборская (Фінагей Васільевіч Рубін), Жалудоцкая (Еўстафій Федасеевіч Федзяёў), Шманаўская (Акенцій Фёдаравіч Худзякоў) і Латкоўская (Цімафей Фёдаравіч Табуноў).
Іудаізм
Яўрэйскае насельніцтва на Беларусі жыло здаўна. Яны традыцыйна займаліся рамёствамі, гандлем. Пасля ўвядзення рысы аседласці яўрэі сканцэнтраваліся ў гарадах і мястэчках. Так у мястэчку Сіроціна яўрэі складалі большасць насельніцтва. Пра дзейнасць іудзейскіх рэлігійных устаноў на Шуміліншчыне ў “Памятных кніжках” вельмі мала звестак. Толькі ў “Кніжцы за 1912 год” згадваецца прозвішча духоўнага рабіна мястэчка Сіроціна Лейбы Брутнамавіча Бройтмана.
Па іншых крыніцах, у 1910 годзе ў Сіроціне былі тры сінагогі: Любавіцкая, Хабадская і Пясчанская. Назвы паказваюць, што вернікі адносіліся да адной з плыняў іудаізму – любавіцкаму хасідзізму (хасідскаму руху ХАБАД). Любавіцкая і Пясчанская сінагогі былі пабудаваны ў 1910 годзе, Хабадская – некалькі раней. Гэта былі  даволі сціплыя, драўляныя будынкі.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №8 ад 29.01.2013 г.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *