Владимир Иванович Скирман из Шумилинского района награждён орденом «Знак почёта» за отличный урожай льна

Край шумілінскі Людзі і лёсы

Ордэн за добры ўраджай лёну
Уладзімір Іванавіч Скірман з вёскі Лялюгі – ветэран працы. Ён узнагароджаны ордэнам “Знак пашаны”, юбілейнымі медалямі.
Уладзімір Іванавіч  – чалавек вельмі спакойны, памяркоўны, вынослівы і працавіты. Працоўны стаж яго бярэ пачатак пасля Вялікай Айчыннай вайны. Яшчэ хлопчыкам ён пачаў працаваць у паляводстве. «У Лялюгах быў калгас імя Куйбышава, – успамінае ветэран. – Працавалі ў асноўным на конях:  на іх і аралі, і перавозілі, і стагавалі. На ўвесь калгас былі дзве грузавыя машыны, іх бераглі на той выпадак, калі тэрмінова трэба было ехаць у раён».
Неўзабаве Уладзіміра Іванавіча прызначылі брыгадзірам паляводчай брыгады. Працаваць было вельмі цяжка, бо ў асноўным усё рабілася ўручную. «Калгас толькі і выжыў з-за таго, што ў ім працавалі адказныя людзі, – лічыць ветэран. – Яны ўручную сеялі, сярпамі жалі жыта».
Некалькі гадоў У. І. Скірман узначальваў  льнаводчае звяно калгаса. «У нас было тры звяны па вырошчванні лёну, кожнае з якіх даглядала па 120 гектараў даўгунцу, – згадвае мужчына. – Лён кожны год вырастаў добры, яго  бралі ўручную». Дарэчы, менавіта за добры ўраджай лёну Уладзіміра Іванавіча ўзнагародзілі  ордэнам і запрасілі на Выставу дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскву.
На памяці У. І. Скірмана пачалі з’яўляцца ў пасляваенным калгасе першыя трактары:  “Помню, калгас разбагацеў на некалькі МТЗ-5 – гэта трактары без кабіны. Летам на іх працаваць было нармальна, а вось у слоту проста невыносна. Я працаваў на  МТЗ-50, летам і восенню прычапляў да трактара стагамёт – прэсаў жа тады і ў паміне не было”.
Працоўны стаж У. І. Скірмана налічвае больш за сорак гадоў. Уладзімір Іванавіч ганарыцца, што ва ўзнаўленні сельскай гаспадаркі пасля вайны ёсць і ягоны ўклад. І сёння ветэран працы застаецца чалавекам жыццелюбівым і шчырым. Ён лічыць, што ўвогуле яму пашанцавала ў жыцці:  на жонку, Валянціну Сямёнаўну, з якой разам пражылі 56 гадоў, на добрых дзяцей, паслухмяных унукаў і праўнукаў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №85 ад 04.11.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *