Выездное заседание суда. Когда проснётся материнский инстинкт?

Общество

Асуджаючыя позіркі землякоў
Жыхары а.-г. Крывое Сяло не памятаюць, каб за апошнія пяць гадоў у іх быў выязны суд. Тэма пасяджэння – пазбаўленне бацькоўскіх правоў –  ускалыхнула вёску. І аб гэтым сведчыла поўная зала людзей у Каўлякоўскім сельвыканкаме. Адны прыйшлі сюды з цікаўнасці, іншыя – выступіць у якасці сведак.
Справу разглядалі ў адносінах маладой жанчыны. Яна сядзела на першым радзе, за яе спіною – яе вяскоўцы. Пераважна жанчыны. Большасць з іх выхавалі ці яшчэ гадуюць дзяцей, таму іхнія асуджаючыя позіркі нельга было не заўважыць. Яны  ніяк не маглі зразумець, як гэта можна, каб тваё дзіця забралі ў прытулак. А менавіта такая сітуацыя склалася ў 30-гадовай жанчыны, якая злоўжывае спіртным. Вясной мінулага года яна паехала да знаёмых у суседні раён, сына на працяглы тэрмін пакінула на састарэлых бацькоў. І школа, і бацькі пачалі біць трывогу. Дзесяцігадовага хлопчыка забралі ў прытулак, дзе ён знаходзіцца і зараз. У акце адабрання было напісана “кінутае дзіця”.
За гэтыя восем месяцаў, што прайшлі з таго дня, маці ўладкавалі на работу. Больш таго,  у мясцовым акцыянерным таварыстве выдзелілі кватэру, дапамаглі закадзіравацца. І сітуацыя быццам паляпшалася, жанчына нават прыехала ў аддзел адукацыі і выказала сваё жаданне забраць дзіця з прытулку. Але неабходныя даведкі так і не сабрала. Не паспела –  зноў перашкодзіла гарэлка. І жыццё ў каторы раз пакацілася па нахільнай. Жанчына вяла разгульны лад жыцця, перастала працаваць, за што і была звольнена з работы. І ёй ужо не хацелася забіраць сына з прытулку.
І хлопчык перастаў чакаць маці. Ён з цеплынёй гаворыць пра бабулю з дзядулем, але не пра маці, расказалі работнікі раённага педагагічнага цэнтра.
Маладая жанчына стаяла на судзе і ўсміхалася. Падумалася: а можа гэта ад адчаю, бо нармальнаму чалавеку цяжка ўсвядоміць, як гэта можна ўсміхацца, калі цябе пазбаўляюць бацькоўскіх правоў. Работнікі аддзела адукацыі, міліцыі, намеснік пракурора Шумілінскага раёна Д. Р. Храловіч хадайнічалі перад судом аб пазбаўленні жанчыны бацькоўскіх правоў. І падстаў для гэтага было даволі. А галоўнае, што адказчыца з-за спіртнога згубіла свой жаночы пачатак, мацярынскі інстынкт. Ёй далі слова для апраўдання, але яна так нічога і не сказала…
На судзе было прынята рашэнне пазбавіць адказчыцу бацькоўскіх правоў. Гэта крайняя мера, на якую ідзе дзяржава, каб абараніць дзіця. Суддзя суда Шумілінскага раёна А. А. Сініцкая растлумачыла, што ў бацькоўскіх правах можна ўзнавіцца, для гэтага перш за ўсё патрэбна жаданне быць маці, быць чалавекам. І нічога больш.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №8 ад 29.01.2013 г.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *