Пуцёўка ў лета
Усё, што трэба ведаць пра летнія лагеры ў Шумілінскім раёне
Да летніх канікулаў засталося зусім няшмат. Школьнікі лічаць апошнія тыдні, бацькі ж, наадварот, пачынаюць хвалявацца: чым заняць дзіця на тры месяцы? Што прапануе Шумілінскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі? Праграму дзіцячага адпачынку праанансавала метадыст цэнтра Святлана Раманава, якая адказвае за арганізацыю адпачынку і аздараўлення дзяцей. Прапануем чытачам поўны спіс летніх лагераў.
ВАРЫЯНТ 1. «ПУНСОВЫ ВЕТРАЗЬ»
«Пунсовы ветразь» – лагер з кругласутачным знаходжаннем, які ўваходзіць у структуру РЦДМ. Ён размешчаны ў маляўнічым мястэчку Лескавічы і гатовы прымаць дзяцей на чатыры змены па 15 дзён кожная. У кожнай змене будуць адпачываць 75 хлопчыкаў і дзяўчынак. Узрост – ад 6 да 17 гадоў.Поўны кошт пуцёўкі складае ад 655 да 670 рублёў. Дзякуючы дзяржаўнай датацыі бацькам трэба будзе плаціць значна менш – ад 353 да 368 рублёў за змену. У канчатковым выніку яе кошт будзе яшчэ менш, бо частку кампенсуюць галіновыя прафсаюзы – гэта прадугледжана калектыўнымі дагаворамі арганізацый.
Першая змена стартуе 6 чэрвеня, другая – 27 чэрвеня, трэцяя – 18 ліпеня, чацвёртая – 8 жніўня. На другую змену ўжо ўсе месцы забраніраваны. Так што, шаноўныя бацькі, паспяшыце. Тэлефон для даведак 5-70-49.
«Пунсовы ветразь» прымае дзяцей не толькі з нашага раёна. Сюды прыедуць хлопчыкі і дзяўчынкі з Віцебска, Маладзечна, Мінска, Наваполацка, Лепеля. Зацікаўленасць выказалі і расіяне.
ВАРЫЯНТ 2. ШКОЛЬНЫЯ АЗДАРАЎЛЕНЧЫЯ ЛАГЕРЫ ДЗЁННАГА ЗНАХОДЖАННЯ
Гэты варыянт падыходзіць тым, хто не хоча адпускаць дзіця ў кругласутачны лагер, але хоча, каб яно было пад наглядам і мела магчымасць цікава і разнастайна адпачыць. Такія лагеры будуць працаваць ва ўсіх школах.
Першая змена пройдзе з 2 па 22 чэрвеня. У гэты час лагеры адкрыюцца ў пяці ўстановах: шумілінскіх СШ №1 і СШ №2, раённым цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, Кардонскай СШ і Амбросавіцкай БШ. Разам яны прымуць 193 дзяцей. Гэта самая масавая змена.
Другая змена пройдзе з 24 чэрвеня па 15 ліпеня ў дзвюх школах – Обальскай СШ і Мікіціхінскай СШ. Колькасць адпачываючых – 95 дзяцей.
Трэцяя змена запланавана з 4 па 22 жніўня. Яна пройдзе ў СШ №1 г. п. Шуміліна, Кардонскай СШ, Слабадской БШ, Башнеўскай БШ, Мішневіцкай БШ і РЦДіМ. Тут адпачнуць 133 чалавекі. Такім чынам, школьныя лагеры за лета прымуць больш за 420 дзяцей.
ВАРЫЯНТ 3. ЛАГЕРЫ ПРАЦЫ І АДПАЧЫНКУ ДЛЯ ПАДЛЕТКАЎ
Гэты варыянт для тых, каму споўнілася 14 гадоў. Падлеткі ў гэтым узросце пачынаюць адчуваць сябе дарослымі. Ім хочацца мець свае грошы, адчуваць сябе самастойнымі. Для такіх у раёне будуць арганізаваны спецыяльныя лагеры, дзе можна і адпачыць, і папрацаваць, і падзарабіць.
Такія лагеры будуць працаваць у пяці школах – СШ № 1, СШ № 2, Обальскай СШ, Кардонскай СШ і Мікіціхінскай СШ. Месцаў усяго 58. Гэта няшмат, таму канкурэнцыя будзе высокай. Чым канкрэтна будуць займацца падлеткі? Звычайна гэта добраўпарадкаванне тэрыторый, дапамога бібліятэкарам або настаўнікам, дробныя рамонтныя работы. Усё гэта праходзіць пад наглядам дарослых і не больш за некалькі гадзін у дзень. Астатні час – гульні, экскурсіі, зносіны. І за гэта яшчэ плацяць.
ВАРЫЯНТ 4. СПАРТЫЎНААЗДАРАЎЛЕНЧЫ ЛАГЕР
Для дзяцей, якія не ўяўляюць жыцця без спорту, на базе СДЮШАР будзе арганізаваны спартыўна-аздараўленчы лагер. Лагер дзённага знаходжання з насычанай праграмай: трэніроўкамі, спаборніцтвамі, рухомымі гульнямі, эстафетамі. На першай змене адпачнуць 80 дзяцей, на другой – 20, на трэцяй – 45.
10 юных шумілінскіх біятланістаў будуць адпачываць і аздараўляцца на першай змене ў лагеры «Алімпіец» Віцебскай абласной СДЮШАР прафсаюзаў па зімніх відах спорту.
ПАЛАТАЧНЫ ЛАГЕР ДЛЯ ДЗЕСЯЦІКЛАСНІКАЎ
Упершыню для праходжання вучэбна-палявых збораў у Лескавічах на базе “Пунсовага ветразя” будзе арганізаваны палатачны лагер кругласутачнага знаходжання «Юны патрыёт». Ён будзе працаваць з 26 мая да 6 чэрвеня. Плануецца, што «Юны патрыёт» прыме 27 дзесяцікласнікаў.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

