Сезон вялікага абнаўлення
Сёлетні год для гарадскога пасёлка Обаль асаблівы, бо будзе многа зроблена па навядзенні парадку і наданні камфортных умоў.
Пераўтварэнні закрануць многія сферы. Толькі на бягучы рамонт мясцовых дарог выдзелены 1,1 млн. рублёў.
Як толькі падсохла і пацяплела, у Обалі прыступілі да навядзення парадку, расказаў старшыня Обальскага сельвыканкама Сяргей Мураўёў, разам з якім напрыканцы мінулага тыдня мы аб’ехалі галоўныя рамонтныя аб’екты і пляцоўкі. Так, на вуліцы Вышалескага працавалі механізатары ДРБУ-204 на «Амкадоры» і экскаватары – чысцілі каналы водаадвядзення, выроўнівалі абочыну ўздоўж дарогі. Адначасова вялося і выроўніванне пляцоўкі насупраць магазіна «Мясная лаўка» для будучага ўстройства газона. На гэтай жа вуліцы заменены два старыя бетонныя аўтобусныя прыпынкі на новыя.
Брыгада дарожнікаў працавала таксама і на ўчастку дарогі ад вуліцы Вышалескага да моста праз рэчку – устанаўлівалі бардзюры для пешаходнай дарожкі. Праз дарогу была бачная работа брыгады лясгаса, якая папрацавала з піламі тут напярэдадні, – ляжалі зрэзаныя старыя дрэвы.
Прыступілі да работы работнікі Полацкага водаканала – укладваюць трубы на вуліцы Завадской. Як расказаў намеснік дырэктара філіяла «Полацкводаканал» Уладзімір Пірагоў, аднакватэрныя дамы на гэтай вуліцы неўзабаве будуць падключаны да станцыі абезжалезвання.
У самым разгары работы ў брыгад ПМК-70. Так, на доме 4А па вуліцы Леніна, дзе праводзіцца капітальны рамонт, мы заспелі за работай брыгаду тынкоўшчыкаў. Калі сцены шматпавярховага дома будуць абтынкаваны, прыступяць да афарбоўкі. А вось дом № 1 па вул. Давыдавай, дзе бягучы рамонт праводзяць работнікі УП ЖКГ, хутка ўжо закончаць фарбаваць. Увогуле за сезон у 14 шматпавярховых дамах Обалі плануецца правесці бягучы рамонт.
Не першы дзень працуюць у Обалі работнікі РЭС, ужо ўстанавілі 15 новых электрычных слупоў, а ўсяго іх будзе заменена 43, паведаміў начальнік раёна электрасетак Уладзімір Волкаў.
Да работ па навядзенні парадку ў родным пасёлку прыступілі і некаторыя арганізацыі і прадпрыемствы. Так, работнікі Обальскага керамічнага завода прыбіраюць плітку з пешаходнай дарожкі на тэрыторыі ОКЗ, каб потым пакласці новы бардзюрны камень і заасфальтаваць. Работнікі паштовага ўчастка сувязі дапамаглі падрыхтаваць дарожку да асфальтавання побач з будынкам. Гаспадар прыватнага магазіна «Прыём другаснай сыравіны», што па вул. Даўмана, устанавіў новыя дзверы ў будынак, на падыходзе і новыя вокны.
«Вельмі хочацца, каб і жыхары пасёлка не заставаліся раўнадушнымі, а таксама выйшлі на свае дваровыя тэрыторыі наводзіць парадак, – падкрэсліў старшыня сельвыканкама Сяргей Мураўёў. – У нас многа людзей з залатымі рукамі і шчырым сэрцам, якія ў сілах зрабіць новую лавачку ці адрамантаваць старую. Толькі разам, агульнымі намаганнямі, мы зробім наш пасёлак больш прыгожым і камфортным для жыцця».
Ларыса ЗАЙЦАВА








