Аўтапілот – у дзеянні
У гэтыя красавіцкія дні на палетках раёна працуюць механізатары ТАА «Віцебскае насенне траў».
Яны засяваюць яравыя культуры. Карэспандэнт раённай газеты пабывала ва ўрочышчы Хацілава і ўпершыню ўбачыла, як працуе трактар, абсталяваны аўтапілотам.
Пакуль тэхніка з пасяўным агрэгатам рухаецца з далёкага краю поля, размаўляем з шумілінцамі, якія рупяцца тут – механізатарам Вадзімам Гарланавым і вядучым аграномам Уладзіславам Осіпавым. Вадзім падвозіць сеяльшчыку суперэлітнае насенне: авёс “квант” і райграс “гусляр”, а Уладзіслаў кантралюе працэс сяўбы, пры неабходнасці дастаўляе паліва ці запчасткі.

«А вось і наш трактар з пасяўным агрэгатам пад’ехаў, – заўважыў Уладзіслаў Осіпаў. – У кабіне МТЗ‑3522 усталяваны аўтапілот. Бачылі такое?».
Механізатар Міхаіл Мірончык запрашае ў кабіну энерганасычанага трактара. «Спецыяльна для вас ёсць дадатковае сядзенне, – жартуе ён. – Пакажу вам аўтапілот у дзеянні. Гэта дакладна і прыгожа: выключаюцца агрэхі, эканоміцца насенне і паліва. Пропускі сяўбы немагчымыя, радкі роўныя, што забяспечвае раўнамернасць усходаў. Я не кірую рулём, што значна зніжае зморанасць. Аўтапілот дазваляе эфектыўна працаваць у тумане, пылу і нават ноччу».
Трактар плаўна рушыць з месца. Міхаіл Мірончык уключае аўтапілот. Механізатар здымае рукі з руля, а трактар едзе па полі з дапамогай спадарожнікавай навігацыі, забяспечваючы дакладнасць высеву. Да МТЗ прычэплены пасяўны агрэгат германскай вытворчасці з шырынёй захопу шэсць метраў. Асаблівасць яго ў тым, што тут два бункеры – для яравых зерневых і для травы (у нашым выпадку гэта авёс і райграс). Пасяўны агрэгат, абсталяваны дыскатарам, прыкатнымі коламі, сашнікамі і загортачамі, пакідае пасля сябе роўныя радкі, у якія засеяны адразу дзве культуры. Пасля развачвання на краі поля слядоў ад трактара не застаецца. «Працую з аўтапілотам не першы год, – кажа Міхаіл. – Гэта вялікі прагрэс для тых, хто рупіцца ў сельскай гаспадарцы. За дзень засяваю да паўсотні гектараў, а то і больш. Гэта надзейнае рашэнне для дакладнага земляробства».
СЛОВА – НАМЕСНІКУ ДЫРЭКТАРА ТАА «ВІЦЕБСКАЕ НАСЕННЕ ТРАЎ» АНДРЭЮ БІБІНУ:
– На палетках Шумілінскага раёна засеем яравымі тысячу гектараў. Гэта будуць не толькі зерневыя культуры, але і травы. Палеткі знаходзяцца яшчэ ў Філіпенках, Мазурыне, Сянькове. Будзе расці 205 гектараў аўсу, а таксама цімафееўка, купкоўка, аўсяніца лугавая і чырвоная, 130 гектараў гароху. На летнюю сяўбу запланавана 220 гектараў кмену, які пойдзе як на насенне, так і на хлебазаводы вобласці. Паралельна вядзём падкормку шматгадовых траў ва ўрочышчах Гарэлая Града і Філіпенкі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.



