«Родина сказала надо». О работе в 1986 году вспоминает ликвидатор последствий аварии на ЧАЭС

Главное Общество

26  КРАСАВІКА –  40  ГОД  З  ДНЯ  АВАРЫІ  НА  ЧАРНОБЫЛЬСКАЙ  АЭС

Радзіма сказала «трэба»

У тыя красавіцкія дні сорак гадоў таму ў ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС працавалі тысячы людзей – тушылі пажар, адсялялі жыхароў, праводзілі электрычнасць, сачылі за правапарадкам. Сярод тых, хто знаходзіўся ў нялёгкіх умовах радыяцыйнага фону, быў і жыхар вёскі Філіпенкі Аляксандр Маладцоў. Праз чатыры дзясяткі гадоў ён да дробязей памятае, як гэта было.

30 красавіка 1986 года ў дзверы кватэры Маладцовых (сям’я тады жыла ў Віцебску) пазванілі. Аляксандр спахапіўся, на парозе стаялі прадстаўнікі ваенкамата.

– Аляксандр Андрэевіч Маладцоў? Збірайцеся. Вас, ваеннаслужачага ў запасе, тэрмінова выклікаюць у ваенкамат.

Толькі і паспеў, што пацалаваць жонку і ўкінуць у сумку тое-сёе з адзення.

У Мінску ўсіх мужчын пераапранулі ў ваенную вопратку. Усе ўжо ведалі пра выбух у Чарнобылі, але не ўяўлялі яго маштабаў. Аляксандра Маладцова разам з іншымі салдатамі прывезлі ў лес каля Брагіна, дзе стаяў ваенны полк. Абсталявалі палатачны гарадок, дзе і жылі паўгода.

«На тэрміновай ваеннай службе ў Шчучыне я быў хімікамразведчыкам (нас вучылі знаходзіць атручаныя рэчывы, вызначаць межы небяспечных зон і ўзровень канцэнтрацыі шкодных рэчываў). Таму мяне і выклікалі, – дзеліцца ўспамінамі Аляксандр Андрэевіч. – Да таго ж, на той час я працаваў вадзіцелем на адным з аўтатранспартных прадпрыемстваў Віцебска – такія навыкі таксама былі патрэбныя».

Аляксандр Маладцоў ездзіў па населеных пунктах Брагінскага раёна, вымяраў радыяцыю, якая заўсёды зашкальвала. Спецыяльнымі растворамі апрацоўвалі дамы, гаспадарчыя пабудовы. Працавалі таксама на экскаватарах і з рыдлёўкамі ў руках – здымалі верхні слой зямлі і вывозілі ў спецыяльна адведзеныя месцы. А назаўтра, калі вецер дзьмуў з боку эпіцэнтра аварыі, атрутныя рэчывы зноў асядалі на зямлю. І работы паўтараліся.

Увогуле небяспеку выбуху Аляксандр Андрэевіч адчуў менавіта ў вёсках, дзе з жывых можна было сустрэць хіба толькі ката ці сабаку. Холад ішоў па целе ад гэтай мёртвай цішыні і кінутых сядзіб.

«Страх і трывога прысутнічалі, чаго тут утойваць, – кажа Аляксандр Маладцоў. – Але ж мы салдаты, абаронцы. Радзіма сказала «трэба» – і мы паехалі. Ніхто не панікаваў, а выконваў сваю работу. Радыяцыя ж нябачная і нячутная, некаторыя адчувалі смак жалеза ў роце, часта ішла кругам галава. А ў мяне ніякіх прыкмет не было – маладосць змагалася з радыяцыяй, у той час мне было 34 гады. Мы знаходзіліся за 15 кіламетраў ад кропкі выбуху. Цяжка было тым, хто працаваў у самым пекле».

Аляксандр Маладцоў разам з таварышамі дзяжурыў на пункце санітарнай апрацоўкі аўтамабіляў. Праўда, апрацоўкі з брандспойтаў спецрастворам не вельмі дапамагалі… Пераважна машыны канфіскаваліся і адпраўляліся на так званы могільнік, бо нельга было дапусціць, каб радыяцыя на транспарце выязджала ў іншыя раёны.

Аляксандр Маладцоў не лічыць сябе героем, кажа, што ўсяго толькі выконваў свой доўг. Усе працавалі дзеля таго, каб ратаваць населеныя пункты і людзей ад радыяцыі. Кажа, што хлопцам ён быў моцным, на здароўе ніколі не скардзіўся. Але ж і яна для ліквідатара не прайшла бясследна – гадоў праз дзесяць пасля паездкі ў Брагінскі раён «пасыпаліся зубы».

Апошнія паўтара дзясятка гадоў Аляксандр Андрэевіч жыве ў вёсцы Філіпенкі, дзе купіў дом. Некаторы час працаваў у КУСГП «Сіроцінскі» вадзіцелем. На жаль, застаўся адзін, жонка памерла. Яго падтрымлівае сын Дзмітрый, які прыязджае да бацькі кожныя выхадныя, дапамагае спраўляцца на агародзе, разам ходзяць на рыбалку.

Ларыса ЗАЙЦАВА.

ЛІЧБА

17 удзельнікаў ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС пражывае  ў раёне



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *