Семейная история Инны и Юрия Лейченко

Край шумілінскі Людзі і лёсы Мир увлечений Общество Семья

Іна і Юрый ЛЕЙЧАНКІ разам ужо амаль 20 гадоў. Выхоўваюць траіх дзяцей. Вікторыя – студэнтка мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, Дзіяна вучыцца ў дзявятым класе, Саша – у другім. Іна Лейчанка працуе выхавальнікам групы падоўжанага дня ў  СШ № 1 г. п. Шуміліна. Юрый – аўтаслесарам на «Вітконпрадукце».

Адна вёска – адна школа
Іна і Юрый родам з вёскі Вярхоўе Бешанковіцкага раёна, хадзілі ў адну школу, праўда, тады не дужа звярталі ўвагу адзін на аднаго. Прыгледзеліся, калі Юрый пайшоў працаваць у Віцебск, а Іна стала студэнткай ВДУ. Агульная дарога дадому зблізіла пару, і адносіны перараслі ў каханне. Потым была армія. Іна дачакалася хлопца – і яны ажаніліся. Пасля вяселля прыехалі ў Шумілінскі раён, да бабулі Юрыя, дзе спачатку і жылі.
Мары здзяйсняюцца
Лейчанкі, жывучы ў інтэрнаце, а потым у кватэры, увесь час марылі пра ўласны дом. І толькі пасля нараджэння сына яна здзейснілася. Прадалі кватэру, выкарысталі сямейны капітал, які дзяржава дае мнагадзетным сем’ям, і набылі дом. Гэта адбылося ў 2020-м годзе.
Адразу ўзяліся за рамонт, у які ўклалі ўсю душу. Жылі пры гэтым у здымным жыллі. Справіліся за асноўнымі работамі за год.
Сямейны кодэкс
Дом для Лейчанкаў – святое. Месца сілы і цеплыні. Звычайна а восьмай гадзіне вечара яны збіраюцца разам, абмяркоўваюць, як прайшоў дзень. Калі ў кагосьці не атрымліваецца быць дома, на дапамогу прыходзіць Viber.
Лейчанкі не прытрымліваюцца строгіх метадаў выхавання. Як прызналася Іна, у іх ёсць некалькі сямейных правілаў, якія, на іх думку, працуюць.
Першае – давер. Дзеці ніколі не баяцца сказаць праўду, нават калі правініліся. Іна і Юрый перакананы, што калі пакараць – у наступны раз проста не скажуць. Таму ў іх доме прызнацца ў памылцы не сорамна, а нармальна.
Другое – ніколі не крычаць. Крык, на іх думку, – гэта адсутнасць сілы, а не яе праява.
Трэцяе – любоў без умоўленасцей. Не за поспехі, не за паслухмянасць. Проста таму, што яны ёсць.
Дарога да каранёў
Асаблівае месца ў жыцці Лейчанкаў займаюць паездкі на малую радзіму – у Вярхоўе. Там жывуць дзядулі і бабулі, там прайшло дзяцінства Іны і Юрыя. Дзеці ведаюць, што ў бабуліным доме іх заўсёды чакаюць гарачыя бліны са смятанай, цёплыя абдымкі і гісторыі пра тое, якімі былі іх тата і мама ў дзяцінстве. Гэтыя паездкі не толькі дапамагаюць трымаць сувязь з пакаленнямі, але і вучаць дзяцей галоўнаму: памятаць, адкуль ты родам.
Простыя радасці
Любіць сям’я займацца агародніцтвам, дзе таксама працуюць разам. У цёплыя вечары часта каля дома гатуюць шашлыкі, дзеляцца навінамі пад адкрытым небам. А часам – проста дурачацца: гуляюць у даганялкі ці хованкі. У гэтыя моманты ў двары стаіць шчыры смех. І тады становіцца відавочна, што сям’я ўмее быць шчаслівай у звычайнай, бытавой мітусні.
Ціхае шчасце, якое заўважылі
Лейчанкі не любяць расказваць пра сваю сям’ю. Яны кажуць: «Шчасце любіць цішыню». Аднак іх сямейная гармонія і адметная роля мамы не засталіся незаўважанымі. У Год беларускай жанчыны Іна Лейчанка была ўдастоена ганаровага звання «Жанчына года Шуміліншчыны» ў намінацыі «Матчына слава». Гэта прызнанне – сведчанне яе вялікай матчынай працы, цярпення і здольнасці натхняць блізкіх. Прозвішча Іны Лейчанка занесена ў раённы летапіс як узор сапраўднай беларускай жанчыны, якая спалучае прафесійны клопат пра чужых дзяцей з бязмежнай любоўю да сваіх.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *