Сельхозорганизациям Шумилинщины готовится к уборочной помогают шефы

Сельское хозяйство

У рамонце дапамагаюць шэфы

Зараз, нягледзячы на разгар корманарыхтоўкі, нельга забываць пра тое, што трэба рыхтавацца да жніва і даводзіць да ладу зернеўборачныя камбайны і тэхніку на адвозку. На думку аграномаў, ужо ў сярэдзіне ліпеня трэба будзе прыступаць да ўборкі азімага рапсу, а там і зерневыя падаспеюць.

 

За рамонтнымі работамі на мехдвары СУП «Лаўжанскае» мы заспелі Паўла Барысоўскага. «Я не мясцовы механізатар, а ўсяго памочнік, – зазначыў Павел. – Прыкамандзіраваны на месяц з раёна электрасетак, дзе працую трактарыстам. Мая задача – дапамагчы механізатарам з рамонтам. “Чараваў” над пярэднім мостам УАЗіка – такая тэхніка таксама спатрэбіцца на час ўборачнай для развозкі абедаў. Дапамагаю і камбайны рамантаваць: транспарцёры, шнэкі, нахілавыя камеры».

На думку камбайнераў, слабае звяно практычна ў кожным КЗСе – гэта рэшаты, элеватары, ланцугі, якія патрабуюць замены перад выездам на поле. Гэтыя недахопы магчыма выправіць сваімі сіламі, што і робяць.

«У гаспадарцы вызначана, што на камбайнах будуць працаваць Алег Барысевіч, Віталь Чарткоў і Пётр Бардзюкоў, – расказаў інжынер па цяжкаёмкіх працэсах Юрый Галета. – А вось яшчэ на два КЗСы няма камбайнераў – чакаем шэфаў з іншых арганізацый. Патрэбна будзе і дапамога на адвозцы – да нас прыедуць вадзіцелі на МАЗах з аблаграсэрвісу».

На дапамогу аграрыям у рамонце тэхнікі да жніва накіраваны шэфы з многіх арганізацый: ДРБУ-204, раёна газазабеспячэння, дыстанцыі № 364 ДЭУ-36 РУП «Віцебскаўтадар», раёна электрасетак, РАНС, устаноў адукацыі, Віцебскага завода трактарных запчастак. Па словах галоўнага дзяржінспектара па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання райсельгасхарчу Вадзіма Селіханава, на жніве будуць працаваць 29 камбайнаў (у тым ліку два новыя, якія нядаўна атрымала КУСГП «Ульскі»), на адвозцы зерня задзейнічаюць каля сарака адзінак трактароў і аўтамабіляў.

Ларыса КІСЯЛЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *