На абед грэцкая каша з катлетамі і булачка

Паглядзелі, што ў меню хлебаробаў Шуміліншчыны
Жніво ў раёне набірае абароты. Пакуль камбайнеры збіраюць на палетках вырашчаны ўраджай, прадстаўнікі прафсаюзаў трымаюць на кантролі захаванне нормаў аховы працы. Асаблівая ўвага ўдзяляецца арганізацыі гарачага харчавання – гэта важная частка клопату пра людзей працы.
У раёне ўласныя сталовыя ёсць у дзвюх гаспадарках – ААТ «Ляжні» і СУП «Лаўжанскае». Калі ляжнёўскія повары гатуюць абеды толькі для сваіх работнікаў, то лаўжанскія – яшчэ і для механізатараў ААТ «АграБаравінка», «Прыазёрны мір» і КУСГП «Ульскі». «Горача не толькі на палетках, але і на кухні нашай сталоўкі, – усміхаецца загадчыца гандлёвага аб’екта грамадскага харчавання СУП “Лаўжанскае” Святлана Духовіч. – Прадукты набываем у магазінах “Мяскавіт”, а таксама на базе гандлёвага цэнтра “Ніка”. Крупы дастаўляў “Ульскі” з Полацкага КХП у кошт будучых абедаў».
Лаўжанскія повары гатуюць за дзень да 90 абедаў, меню кожны дзень разнастайнае. Мы заспелі Святлану Казлоўскую і Ірыну Грыдзюшку за нарэзкай капусты для будучага баршча. Яны кожны дзень гатуюць супы, баршчы, халаднікі, расольнікі, а таксама кашы з катлетамі ці мясам, плоў. Пякуць булачкі, чабурэкі і піцы, робяць вінегрэт, салат з капусты і аліўе, вараць кампоты. «Кормім не толькі тых, хто працуе на камбайнах ці адвозцы ўраджаю, але і механізатараў на рамонце ў мехмайстэрні, – расказалі повары. – А яшчэ ў гаспадарку на дапамогу прыехаў кормаатрад у складзе 13 чалавек з “Віцебскаблсэрвісу” на трактарах, МАЗах, кормаўборачных тага мала, дык і шматок сала можа з сабой узяць – усе ж людзі вясковыя, многія трымаюць гаспадарку. Тым больш, што працуем у сённяшні сонечны дзень да цёмнага – камбайнах, – ім таксама падвозяцца абеды».
Так што раздатчыца Алеся Цыбульская забірае каля сарака порцый і вязе на палеткі. “Газэль” з абедамі мы сустрэлі на наступны дзень на палетках каля Добрына, дзе ўбіралі азімую пшаніцу. Пацікавіліся ў механізатараў, што на абед і ці смачна.
– Нашы повары гатуюць добра! – зазначыў вадзіцель Аляксандр Карашкоў.
– Ніколі не адмаўляюся ад абеду. Каб добра папрацаваць, трэба добра паесці, – дадае камбайнер Алег Барысевіч. – Любім халаднікі, баршчы і мяса. Апетыт на рабоце добры. Сёння кіслая капуста, грэцкая каша з катлетамі і булачка. Ну, а каму гэтага мала, дык і шматок сала можна з сабой узяць – усе ж людзі вясковыя, многія трымаюць гаспадарку. Тым больш, што працуем у сённяшні сонечны дзень да цёмнага – трэба спяшацца ўбраць ураджай, пакуль надвор’е.
У КУСГП “Ульскі” некаторыя хлебаробы заўважылі, што абеды смачныя, але ім хацелася б больш бульбы. Тая, якую прывезлі з СФХ “Раднік” вясной, ужо закончылася. Прыходзіцца чакаць новага ўраджаю…
Колькі плацяць хлебаробы за абеды? СУП «Лаўжанскае» і ААТ «АграБаравінка», да прыкладу, 80% кошту абедаў бяруць на сябе, а ААТ «Ляжні», «Прыазёрны мір» і КУСГП «Ульскі» – усе 90%. Самыя дарагія абеды абходзяцца лаўжанскім механізатарам у 2 рублі, самыя танныя – менш за рубель.
Ларыса ЗАЙЦАВА.


