Обольская керамика покоряет маркетплейс

Главное Новости Общество Экономика

Прадукцыя пахне глінай, малаком і агнём
Кераміка нанова: ОКЗ адраджае традыцыі і заваёўвае маркетплейс

– Захаванне цэху керамікі – гэта не проста эканамічны разлік, – адзначае дырэктар ААТ «Обальскі керамічны завод» Сяргей ЛЯЎШОЎ. – Гэта наша адказнасць перад тымі, хто ствараў славу прадпрыемства доўгія гады, і перад будучымі пакаленнямі. Ручная кераміка – душа завода, наш брэнд. Калі мы спынім гэты напрамак, мы страцім нешта большае, чым проста вытворчы ўчастак. Мы страцім свой твар. Таму, нягледзячы на цяжкасці 2024 года, мы знайшлі сілы і сродкі, каб не проста вярнуць цэх да жыцця, але і вывесці яго прадукцыю на новы ўзровень.


Обальскі керамічны завод – прадпрыемства з вялікай гісторыяй, якое доўгі час асацыявалася выключна з выпускам цэглы. Аднак многія памятаюць, што завод даўно стаў яшчэ і адным з брэндаў па вырабе мастацкай керамікі. Ганчарныя вырабы тут выраблялі ўручную, і яны карысталіся попытам у аматараў аўтэнтычных, самабытных рэчаў, якія захоўваюць цяпло рук майстра.

У 2024 годзе цэх керамікі часова прыпыніў работу. Прычынай сталі аб’ектыўныя эканамічныя цяжкасці, з якімі сутыкнулася прадпрыемства. Аднак кіраўніцтва, як падкрэсліў Сяргей Ляўшоў, цвёрда вырашыла не адмаўляцца ад назапашанага дзесяцігоддзямі вопыту і не даць згаснуць унікальнаму напрамку. Таму ў 2025-м было прынята рашэнне адрадзіць цэх – і не проста механічна аднавіць вытворчасць, а зрабіць яе больш цікавай і запатрабаванай.

Для гэтага на работу запрасілі сапраўдных майстроў сваёй справы – ганчара з вялікім стажам Аляксандра Любімава і вырабляльніка мастацкіх вырабаў Іну Мураўёву, якая валодае аўтарскімі тэхнікамі. Яны пачалі ствараць вырабы па старажытнай тэхналогіі малочнага абпалу, якая прыйшла да нас яшчэ з часоў Кіеўскай Русі. Што гэта значыць? Выраб спачатку старанна вымочваецца ў малацэ, набываючы лёгкае крэмавае адценне, а потым абпальваецца ў печы пры высокай тэмпературы. Дзякуючы гэтаму атрымліваецца асаблівая тэкстура, шчыльнасць і цёплы, «жывы» колер, які немагчыма паўтарыць ні адным фабрычным спосабам. Як кажуць самі майстры, кожны выраб атрымліваецца адзіным у сваім родзе.
Аднак заставалася галоўнае пытанне: як данесці ўнікальны тавар да спажыўца? Вырабы можна было набыць непасрэдна на заводзе – сюды прыязджалі аматары керамікі з суседніх гарадоў. Але патэнцыйная геаграфія пакупнікоў значна шырэй. Таму каманда прадпрыемства вырашыла паспрабаваць сілы на буйной гандлёвай пляцоўцы Wildberries. Рэгістрацыя там адбылася ў кастрычніку мінулага года.

Як расказвае намеснік начальніка аддзела эканамічнага аналізу і продажу Сняжына Барцэвіч, вынік не прымусіў сябе доўга чакаць. Ужо ў першы месяц на прадукцыю знайшліся першыя пакупнікі. Цяпер штомесяц карыстальнікі маркетплейса набываюць амаль паўсотню мастацкіх вырабаў завода, і гэтая лічба пастаянна расце. Асаблівая зацікаўленасць назіраецца перад святамі –аб’ёмы продажаў ўзрастаюць прыкладна на 20-30%. Кераміка ідзе не толькі ў сталічны рэгіён і Маскву, але і на поўдзень – у Краснадарскі край, у Растоўскую вобласць, а таксама на Далёкі Усход – у Прыморскі край, Хабараўск, на Камчатку.

Топ‑5 обальскіх вырабаў на Wildberries выглядае наступным чынам:
на першым месцы ўпэўнена трымаюцца гліняныя падсвечнікі – яны прывабліваюць пакупнікоў сваёй прастатой, дамашняй утульнасцю і натуральнасцю. Другое месца занялі гаршкі-шаптуны – вырабы з вечкамі, якія выкарыстоўваюцца для захоўвання спецый, чаю, ці проста як дэкаратыўны элемент. Трэцяе месца – керамічная блінніца, якая стала папулярнай сярод аматараў традыцыйнай народнай кухні. На чацвёртым месцы размясцілася ваза-пано, якая спалучае ў сабе функцыянальнасць і мастацкую каштоўнасць. Замыкае пяцёрку сувенірная талерка-пано. Кошт гэтых вырабаў на маркетплейсе вагаецца ад 30 рублёў за дробныя прадметы да 150 рублёў за буйныя аўтарскія работы.
Вядома, на заводзе гэтыя вырабы можна набыць амаль у два разы танней – бо няма камісійных збораў маркетплейса і лагістычных выдаткаў.

Не менш важна, што ў водгуках пад таварам пакупнікі аднагалосна адзначаюць высокую якасць і непаўторную прыгажосць вырабаў. «Гэта самая прыгожая блінніца, якую я бачыла», – піша пакупніца з Масквы. «Вельмі далікатная тэкстура, прыемна трымаць у руках», – адзначае кліент з Хабараўска. «Падарыла гаршкі-шаптуны маці – яна ў захапленні. Сапраўдная ручная работа адчуваецца ў кожнай дэталі», – дзеліцца пакупнік з Краснадара. Многім даспадобы тое, што гэта ручная работа, а не штампоўка.

Кіраўніцтва завода плануе і далей развіваць напрамак продажаў на Wildberries. У бліжэйшых планах – пашырэнне асартыменту, даданне новых відаў вырабаў, а таксама ўдзел у акцыях і распродажах для прыцягнення большай колькасці пакупнікоў. Акрамя таго, разглядаецца магчымасць выхаду на іншыя гандлёвыя пляцоўкі, у тым ліку на беларускія. Як падсумаваў Сяргей Ляўшоў, керамічны завод даказвае, што старажытныя ганчарныя традыцыі могуць паспяхова суіснаваць з сучаснымі тэхналогіямі гандлю і быць запатрабаванымі. Адраджэнне цэха – гэта не толькі эканамічная мэтазгоднасць, але і культурная місія, якая дапамагае захаваць унікальныя рамёствы і перадаць іх новым пакаленням.
Такім чынам, невялікі цэх керамікі на буйным прамысловым прадпрыемстве зноў жыве поўным жыццём. Тут пахне глінай, малаком і агнём. Тут ствараюць рэчы, якія потым паляцяць у розныя куткі Беларусі і Расіі – каб кагосьці сагрэць сваім цяплом і прынесці радасць у дом. Як кажуць на ОКЗ, самае цікавае яшчэ наперадзе.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *