
З Крычава ў Шуміліна: шлях да прафесіі і сямейнага шчасця
Малады спецыяліст з Крычава знайшла на шумілінскай зямлі прафесійнае прызнанне і сямейнае шчасце.
Калі пасля заканчэння Аршанскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Кацярына Пашывач два гады таму атрымала размеркаванне ў Шумілінскую ЦРБ, крыху хвалявалася і перажывала. Сёння Кацярына з цёплай усмешкай кажа, што Шуміліна стала для яе па-сапраўднаму родным і любімым месцам для жыцця.
Першы год Кацярына працавала медсястрой тэрапеўтычнага аддзялення бальніцы, дзе прайшла добрую школу практычнай медыцыны. Цяпер яна медсястра працэдурнага кабінета. Пацыенты цэняць за лёгкую руку і прафесіяналізм.
Але Шуміліншчына забяспечыла Кацярыне не толькі першае працоўнае месца, але і прынесла сапраўдны падарунак у асабістым жыцці. Дзяўчына ў сацыяльных сетках пазнаёмілася з мясцовым хлопцам Уладзімірам Гапоненкам, ён першы напісаў ёй. Спачатку была перапіска, якая хутка прывяла да жывога рамантычнага спаткання. Сустрэчы працягваліся больш за год. Гэтым летам Кацярына і Уладзімір зарэгістравалі шлюб. Зараз маладая сям’я Гапоненкаў будуе сумесны побыт у інтэрнаце, пакой у якім дзяўчына атрымала па прыездзе на першае месца работы. Мараць пра арэндную двухпакаёвую кватэру, сабралі неабходныя дакументы, спадзяюцца, што адна з кватэр у навабудоўлі на Брыкеце дастанецца ім. «Тады можна будзе падумаць і пра папаўненне ў сям’і», – шчыра і без утойвання падзялілася маладая сям’я.
Прыемна, што маладыя спецыялісты застаюцца ў раёне і ствараюць тут трывалыя сем’і – значыць у нашага краю ёсць шчаслівая будучыня.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
