
Пустуючых дамоў становіцца менш
На пасяджэнні прэзідыума Шумілінскага раённага Савета дэпутатаў абмеркавалі, як на тэрыторыі раёна выконваецца Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 116 «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі». Пасяджэнне вёў старшыня райсавета Руслан Матвейчук. З дакладам выступіў галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Павел Гусакоў.

Дакладчык адзначыў, што скарачэнне колькасці пустуючых жылых дамоў – адзін з важных накірункаў работы мясцовых органаў улады па падтрыманні належнага санітарнага стану, добраўпарадкаванні населеных пунктаў і навядзенні парадку на зямлі. Насельніцтва на вёсцы старэе і скарачаецца, таму праблема пустуючых дамоў застаецца актуальнай. Для яе вырашэння створана раённая камісія па абследаванні стану жылых дамоў. Не радзей двух разоў у год яна абследуе населеныя пункты. Па выніках візуальнага агляду складаюцца акты, праводзіцца фотафіксацыя, звесткі ўносяцца ў Адзіны рэестр пустуючых дамоў. Праваўладальнікам накіроўваюць паведамленні, інфармацыя публікуецца ў раённай газеце «Герой працы» і на сайце райвыканкама.
На 19 кастрычніка ў Адзіным рэестры пустуючых дамоў знаходзіцца 201 дом. Сёлета выяўлены 143 дамы, якія падпадаюць пад прыкметы пустуючых. Выканкамы праводзяць карпатлівую работу па выяўленні ўласнікаў і спадчыннікаў, звяртаюцца ў суды. Ёсць рашэнні суда ў дачыненні да 20 дамоў аб перадачы іх ва ўласнасць раёна. Яшчэ 5 матэрыялаў знаходзяцца ў судзе, па 19 дамах рыхтуюцца дакументы.
Вядзецца вялікая работа і па зносе. Сіламі сельвыканкамаў, арганізацый і саміх уласнікаў знесена 36 жылых дамоў: 20 – сіламі УП ЖКГ, 16 – насельніцтвам.
Працягваецца і продаж пустуючых дамоў. Сёлета 8 дамоў прададзены за 1 базавую велічыню. Дом у вёсцы Язвіна прададзены з аукцыёну за 5 145 рублёў. Плошча зямельных участкаў, уцягнутых у сельскагаспадарчы абарот пасля зносу дамоў, склала 7,0 га.
Разам з тым у рабоце ёсць і цяжкасці. У прыватнасці, не заўсёды ўдаецца ўстанавіць месца пражывання ўласнікаў або спадчыннікаў, асабліва калі яны знаходзяцца за межамі Беларусі.
Па абмеркаваным пытанні прыняты праект пастановы.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
