Как выступили юные борцы на открытом областном турнире по греко-римской борьбе в Оболи

Главное Молодёжь Новости Общество Спорт, туризм


Напружанне да апошніх секунд

31 кастрычніка ў Обалі прайшоў адкрыты абласны турнір па грэка-рымскай барацьбе, прысвечаны памяці членаў падпольнай камсамольскай арганізацыі «Юныя мсціўцы». На дыван выйшлі больш за 180 лепшых юных барцоў-класікаў з Віцебскай, Мінскай, Брэсцкай і Гомельскай абласцей.


– Яркай і чэснай барацьбы! – пажадала на ўрачыстым адкрыцці ўдзельнікам намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава.


Ужо з першых схватак стала зразумела, што лёгкіх паядынкаў не будзе. На дыване – жорсткія захваты, імгненныя рыўкі, спробы правесці прыём і ўтры­маць перавагу. Кожны бал даваўся з боем, кожная секунда магла змяніць вынік. Трэнеры ў напружанні назіралі за сваімі выхаванцамі, а заўзятары рэагавалі на кожны ўдалы рух і кожную няўдачу.
Асабліва востра адчувалася канкурэнцыя паміж прадстаўнікамі розных абласцей. Віцебшчына, Міншчына, Брэстчына і Гомельшчына прывезлі самых моцных. Для юных барцоў гэта была магчымасць праверыць сябе на саперніку, набрацца вопыту і заявіць пра сябе.


Было шмат яркіх кідкоў, валявых паваротаў і балючых расчараванняў. Хтосьці ўпершыню ўздымаўся на п’едэстал, хтосьці ў чарговы раз даказваў, што нездарма праводзіць гадзіны ў спартзале. Але галоўнае – усе атрымалі тое, за чым прыехалі: сапраўдную спартыўную барацьбу і эмоцыі.


Адзін дыван – розныя школы і характары


Сваіх выхаванцаў на дамашні турнір заявіў і Шумілінскі раён. Шумілінская СДЮШАР выставіла як юных, так і вопытных барцоў. Трэнеры Юрый Сцяпанаў і Уладзіслаў Грачухін сур’ёзна паставіліся да спаборніцтваў – і гэта адчувалася ў настроі і падрыхтоўцы.


– Тут няма прахадных сапернікаў, – адзначыў Уладзіслаў Грачухін. – Кожны прыехаў змагацца. І гэта бачна па настроі, па тым, як хлопцы выходзяць на дыван, як яны трымаюцца пасля перамогі і пасля паражэнняў.

Напружанне да апошніх секунд

Для трэнераў такія старты – таксама важны экзамен. Тут правяраецца не толькі падрыхтоўка выхаванцаў, але і ўменне хутка падказаць, супако­іць, накіраваць, знайсці пасля няўдалай схваткі патрэбныя словы, каб вучань не зламаўся.


Суддзямі былі вядомыя обальскія барцы Яўген Ліпчанка і Сардор Юсупаў, якія самі прайшлі праз турнір, ведаюць яго знутры.

– Гэты турнір быў для мяне самым складаным і не любімым, – прызнаўся Яўген Ліпчанка. – Складана бароцца на родным дыване пад позіркамі родных, сяброў, аднакласнікаў.

Адной з галоўных зорак спаборніцтваў стаў абальчанін Данііл Кляцкоў. У цяжкім фінальным паядынку ён здолеў вырваць перамогу. І пасля фіналу не хаваў эмоцый:

– Нялёгка было, але іншага выніку не магло і быць. Я ўдзельнічаю ў турніры ў восьмы раз. І пастаянна першы.

Галоўная інтрыга і спецыяльны прыз


Сапраўдная інтрыга трымала ў напружанні ўсіх да самага канца: хто стане ўладальнікам спецыяльнага прыза ад спонсара – каляровага тэлевізара? Гэтае пытанне абмяркоўвалася ў зале не менш жвава, чым фінальныя схваткі. Інтрыга ўрэшце вырашылася: каляровы тэлевізар атрымаў юны Вадзім Семчанка, для якога гэты турнір быў дэбютным.

Перамогі і ўрокі


Шумілінцы сталі ўладальнікамі ўзнагарод рознага гатунку. Першыя месцы заваявалі Ягор Барсукоў, Мікалай Любіч і Данііл Кляцкоў. Другія месцы – Арцём Рубін, Захар Гудкоў і Мікіта Булах. Трэція – Дзяніс Канстанцінаў, Вадзім Семчанка і Ягор Булах.

Для многіх гэты турнір стаў магчымасцю ўбачыць, на якім узроўні яны знахо­дзяцца зараз і куды трэба расці далей.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *