Как TikTok чуть не лишил рабочего из иностранной страны сбережений

Главное Закон Новости Общество Происшествия


Крэдыт за 200 рублёў

Як TikTok ледзь не пазбавіў рабочага з замежнай краіны зберажэнняў


Ахвярамі кіберзлачынцаў становяцца не толькі грамадзяне Беларусі, але і тыя, хто прыехаў у нашу краіну працаваць.
Доказам стала гісторыя 36-гадовага грамадзяніна замежнай краіны, які прыехаў працаваць у Шуміліна і ледзь не стаў ахвярай класічнай інтэрнэт-схемы. Выратавалі яго… банкаўскія сістэмы бяспекі.

Аднойчы вечарам мужчына гартаў TikTok. Рэклама «цудоўнага крэдыту» траплялася раз за разам: занадта добрыя ўмовы, хуткае адабрэнне, мінімум дакументаў. Зацікавіўся. У рэкламе фігуравала арганізацыя, якая прадставілася як «Алмаз-крэдыт».

Далей – як па напісаным сцэнарыі. «Супрацоўніца» прапанавала перайсці ў Telegram, дзе мужчына адправіў усё, што прасілі: пашпартныя даныя, нумар банкаўскай карткі, тэлефон. Праз некалькі хвілін прыйшло радаснае «Заяўка адобрана». Засталася дробязь – аплаціць страхавы ўзнос у 200 рублёў, спачатку 100 рублёў, астатнія 100 – пасля атрымання крэдыту».

Мужчына паспрабаваў зрабіць перавод адзін раз, другі, трэці. Не атрымалася. Пайшоў у банк – і там яму растлумачылі: сістэма бяспекі заблакіравала картку, бо пераводы ішлі на падазроны рахунак.

Па факце спробы крадзяжу грошай Шумілінскі раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу. Вядзе яе старшы следчы Аксана Аглушэвіч. Яна і патлумачыла, чаму схема магла спрацаваць, калі б не банк:

– Ашуканцы разлічваюць на простае: рэклама ў сацыяльнай сетцы стварае эфект «усё хутка і проста». Telegram хавае сляды, а просьба «аплаціць страхоўку» выглядае амаль як фармальнасць. Але сапраўдныя банкі і крэдытныя арганізацыі не патрабуюць пералічваць грошы за «страхоўку» на выпадковыя рахункі праз месенджары.

Што павінна насцярожваць?

– «Занадта прывабныя» ўмовы крэдыту ў рэкламе.

– Пераход у Telegram або іншы месенджар замест афіцыйнага сайта і дадатку.

– Просьба даслаць фота пашпарта і банкаўскай карткі.

– Патрабаванне любой папярэдняй аплаты: «страхоўка», «камісія», «разблакіроўка».

– Імгненнае адабрэнне без праверкі.

Што рабіць, калі вы ўжо перадалі даныя?

1. Не плаціць нічога на новыя рахункі.

2. Перавыпусціць картку і змяніць паролі.

3. Захаваць скрыншоты перапіскі, рэкламы і рэквізітаў.

4. Паведаміць у банк і міліцыю.

5. Праверыць крэдытную гісторыю.

Гісторыя магла скончыцца куды горш. У гэтым выпадку грошы не страчаны, а па справе вядзецца следства. Але галоўны ўрок просты: крэдыт не пачынаецца з просьбы пералічыць камусьці 200 рублёў…

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *