У Шуміліне афіцыйна дадзены старт маштабнай раённай спартакіяды сярод работнікаў арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Гэта грандыёзная спартыўная падзея традыцыйна аб’ядноўвае самых актыўных, мэтанакіраваных і адданых здароваму ладу жыцця прадстаўнікоў працоўных калектываў. Сёлета для ўдзелу ў спартакіядзе зарэгістравалася 29 каманд. Кожны ўдзельнік зможа праявіць сябе ў такіх спартыўных відах, як валейбол, футзал, бадмінтон, скачкі ў даўжыню з месца, кідкі ў баскетбольнае кальцо, перацягванне каната і г. д.

Урачыстае адкрыццё адбылося 29 кастрычніка. Спартыўная зала Шумілінскай дзіцячай юнацкай школы алімпійскага рэзерву напоўнілася пазітыўнай энергіяй, калі ўсе каманды-ўдзельніцы занялі свае месцы на пастраенні. Гэта была не проста афіцыйная частка мерапрыемства, а вялікае свята дружбы перад стартам доўгага спаборніцкага марафону, які прадоўжыцца да 11 снежня. Важнасць падзеі падкрэсліла прысутнасць кіраўніцтва раёна – з віншаваннямі і пажадання да спартсменаў звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Руслан Матвейчук: «Спорт не толькі загартоўвае дух, умацоўвае здароўе, але і стварае камандную атмасферу. Менавіта вы са сваёй актыўнай грамадзянскай пазіцыяй сабраліся тут. Хай кожнай камандзе і кожнаму ўдзельніку спадарожнічае поспех, а пераможа мацнейшы!».

Яркім момантам свята стала ўрачыстая перадача галоўнага спартыўнага сімвала спартакіяды – каларытнай фігуры мядзведзя. Па традыцыі гэту ганаровую місію выканала каманда-чэмпіён мінулага года. Начальнік Шумілінскага раёна газазабеспячэння Юрый Волкаў вярнуў талісман старшыні судзейскай калегіі спаборніцтваў Маргарыце Бяззубенка. Цяпер запаветнае медзведзяня чакае свайго новага трыумфатара. Яно будзе ўважліва сачыць за кожным этапам бескампраміснай барацьбы, каб потым адправіцца ў рукі самай згуртаванай і моцнай каманды нашага раёна.

Першы дзень спартакіяды стаў не проста афіцыйным адкрыццём, але і паўнавартасным спартыўным пачаткам. Удзельнікі без прамаруджання ўключыліся ў барацьбу і паспелі паспрабаваць свае сілы ў першых дзвюх дысцыплінах праграмы – трапных кідках у баскетбольнае кальцо і тэхнічных скачках у даўжыню. На пляцоўцы СДЮШАР разгарнулася саперніцтва, напал эмоцый зашкальваў, а суддзі паспелі зафіксаваць першыя сур’ёзныя вынікі. Лепшымі ў кідках у баскетбольнае кальцо сталі гаспадары залы –каманда СДЮШАР, другое месца заняла каманда СШ №1, на трэцім радку размясцілася УП ЖКГ. Самымі скакучымі аказаліся прадстаўнікі каманды раёна газазабеспячэння, трохі саступілі ім спартсмены СДЮШАР, замкнула тройку лідараў каманда райвыканкама.
Дар’я ЧАПУРНОВА.

