
Шумілінскі сыр з грэцкім арэхам
Шумілінскі вытворчы цэх ААТ «Верхнядзвінскі масласырзавод» упэўнена мадэрнізуе вытворчасць і пашырае асартымент прадукцыі. Сёння тут выпускаецца 18 гатункаў. Дзякуючы прафесіяналізму сыраробаў, на паліцах айчыннага гандлю і экспартных рынках з’яўляюцца новыя гатункі, здольныя задаволіць самых патрабавальных гурманаў.

Навінкай мясцовай вытворчасці стаў паўцвёрды сыр з натуральным грэцкім арэхам, які пачалі выпускаць два месяцы таму. Гатунак адносіцца да папулярнай расійскай групы сыроў. Каб набыць свой непаўторны глыбокі водар і арыгінальную тэкстуру, кожная сырная галава вытрымліваецца ў спецыяльных камерах і выспявае не менш за 30 сутак.
Першая эксперыментальная партыя аб’ёмам 1 тона ўжо накіравана на знешні рынак, расказала начальнік цэха Марына Жорава. Разам з ёй мы адпраўляемся ў цэх, дзе працуе вопытны майстар-сырароб Уладзімір Нікіфараў – менавіта ён адпрацоўваў тэхналогію не толькі сыра з грэцкім арэхам, але і яшчэ аднаго новага гатунку – «мармуровы». Шумілінскія сыраробы выпусцілі ў свет 20 тон сыру гэтага гатунку, які славіцца сваім прыгожым малюнкам і мяккім сметанковым смакам. Палова партыі адпраўлена расійскім спажыўцам, якія высока цэняць якасць беларускіх сыроў пад брэндам «Ян Сыродел».
«Пашырэнне экспартнай карты і выпуск элітных навінак сведчаць пра тое, што далучэнне шумілінскай пляцоўкі да Верхнядзвінскага завода адкрыла для нашага цэха новыя перспектывы, – адзначае намеснік дырэктара Верхнядзвінскага масласырзавода па кіраванні вытворчым цэхам г. п. Шуміліна Васіль Серафімовіч. – Наша вытворчасць упэўнена трымае марку якасці. Дарэчы, сыр з грэцкім арэхам і «мармуровы» прадаюцца ў нашым фірменным магазіне «Ян Сыродел» у Шуміліне. Раю абавязкова пакаштаваць».
Ларыса ЗАЙЦАВА.
