Шумилинские дети раскрыли тайну острова 112

Безопасность Главное Молодёжь Новости Образование Общество


Востраў 112 здаўся не адразу

Асеннія канікулы для выхаванцаў прышкольнага лагера СШ № 1 г. п. Шуміліна ператварыліся ў сапраўдныя прыгоды. Каб раскрыць тайну загадкавага вострава 112, рабятам давялося прайсці серыю выпрабаванняў, праявіць кемлівасць, камандны дух і выдатныя веды правілаў бяспекі. Незвычайны квэст для школьнікаў арганізавалі шумілінскія ратавальнікі сумесна з работнікамі дзіцячай чытальнай залы цэнтральнай раённай бібліятэкі.


Паводле легенды гульні, удзельнікаў чакаў пошук галоўнай тайны вострава. Але шлях да разгадкі быў няпростым. Падзяліўшыся на каманды і узброіўшыся маршрутнымі лістамі, школьнікі адправіліся пакараць тэматычныя лакацыі: «бераг ценяў», «чорная пазнака», «бухта выратавальніка», «цясніна йо-хо-хо» і «форт сувязі». На кожнай станцыі іх чакалі галаваломкі, зашыфраваныя падказкі і заданні, якія патрабуюць не толькі знаходлівасці, але і ведаў асноў бяспекі жыццядзейнасці.

Удзельнікам прыйшлося ўспамінаць правілы паводзін пры пажары, у побыце і іншых надзвычайных сітуацыях, хутка прымаць рашэнні і дзейнічаць разам. Менавіта камандная работа дапамагла дзецям паспяхова справіцца з усімі выпрабаваннямі.

– Самым складаным было разабрацца ў падказках і не збіцца з маршруту. Але мы падтрымлівалі адзін аднаго і таму дайшлі да фіналу, – падзяліліся школьнікі.
Па словах арганізатараў, такі фармат дапамагае дзецям лягчэй засвойваць важныя веды. Калі навучанне праходзіць праз гульню, інфармацыя запамінаецца значна лепш. Галоўная мэта – паказаць, што правілы бяспекі могуць быць не толькі карыснымі, але і займальнымі, адзначылі яны.

Усе выпрабаванні былі пройдзены, загадкі разгаданы, а тайна вострава 112 раскрыта. Фіналам прыгод стаў прагляд мультфільма «Спецатрад‑112», уручэнне прызоў і агульнае фота на памяць.

Квэст падарыў дзецям яркія эмоцыі, новыя ўражанні і нагадаў галоўнае: веданне правілаў бяспекі можа аднойчы стаць самым каштоўным скарбам.

Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *