
Веласіпеды і пешаходы на тратуарах: як падзяліць прастору
Наш падпісчык у сацыяльнай сетцы «Укантакце» прапанаваў журналістам раённай газеты ўзняць тэму веласіпедаў на вузкіх тратуарах. Мы выслухалі пазіцыю веласіпедыстаў і пешаходаў, узялі каментарый у супрацоўніка дзяржаўтаінспекцыі.
Адзін з жыхароў райцэнтра, які амаль што круглы год дабіраецца на работу на веласіпедзе, заўважыў, што тратуары нагадваюць кнігу, у якой новыя старонкі пішуць наверх на старыя. Вуліцы і тратуары, спраектаваныя некалькі дзесяцігоддзяў таму, ствараліся для іншага рытму жыцця. Тады веласіпедаў было мала, аўтамабіляў – таксама, а пешаходныя дарожкі не разлічваліся на пастаянны сумесны рух людзей і веласіпедыстаў. Сёння абставіны змяніліся, але інфраструктура ў многіх месцах засталася ранейшай.
Веласіпедысты кажуць, што многія тратуары ў райцэнтры маюць няроўнасці, ямкі, высокія бардзюры і рэзкія перапады вышыні. Магчыма, яны і зручныя для павольнай хады, але для руху на веласіпедзе, асабліва побач з пешаходамі, маршрут становіцца праблемным і часам небяспечным. Прывялі ў прыклад вуліцы Суворава, Луначарскага, дзе раніцай ці вечарам даволі мнагалюдна. «Правілы накіроўваюць нас на тратуар, і мы іх выконваем, але ж гэта не азначае, што сам тратуар аўтаматычна становіцца бяспечным для ўсіх, – падзяліўся Сяргей. – Каб дарожка магла вытрымаць два віды руху, яна павінна мець адпаведную шырыню, роўнае пакрыццё. Калі ж яна вузкая, у калдобінах, рух па ёй можа ператварыць паездку ў шэраг складаных манеўраў».
«Іду па тратуары і баюся, каб на мяне не наехаў веласіпедыст, – шчыра кажа жыхарка райцэнтра Марыя. – Падаюць гукавы сігнал не ўсе, некаторыя праносяцца міма як вецер». Зразумела, што для пешахода веласіпедыст, які нечакана з’яўляецца побач, можа быць крыніцай трывогі. Асабліва гэта датычыцца дзяцей, пажылых людзей, бацькоў з каляскамі і тых, хто мае парушэнні зроку або слыху. На вузкім тратуары не заўсёды ёсць месца, каб спакойна разысціся. А калі пакрыццё няроўнае, веласіпедысту цяжэй утрымліваць раўнавагу і кантраляваць сітуацыю…
Каментарый начальніка ДАІ РАУС Мікалая Гаралевіча:
– Правіламі дарожнага руху прадугледжана, каб веласіпедысты рухаліся па тратуарах ці веласіпедных дарожках. Апошніх у нас няма, толькі тратуары. Згодны, што тратуары райцэнтра жадаюць быць лепшымі, што будаваліся яны ў свой час толькі для пешаходаў. Новыя правілы дарожнага руху накіраваны на тое, каб веласіпедыстам было бяспечна, каб яны не трапілі пад колы аўтамабіля. Пры гэтым ў правілах пазначана, што веласіпедыст, які едзе па тратуары, не павінен ствараць перашкод для бяспечнага руху пешаходаў. У абавязковым парадку ён павінен папярэдзіць пешахода гукавым сігналам пра тое, што едзе. У адваротным выпадку гэта лічыцца парушэннем правілаў дарожнага руху і пагражае штрафам ад адной да трох базавых велічынь.Пры немагчымасці руху па тратуары дапускаецца рух веласіпедыстаў па праезнай частцы дарогі ў адзін рад і не далей як адзін метр ад яе правага краю. У цёмны час сутак на веласіпедзе абавязковыя ліхтары: спераду – белы, ззаду – чырвоны. Забараняецца ездзіць у нецвярозым стане.
Хочацца нагадаць пра ўмоўныя знакі рукамі, якія павінны выкарыстоўваць веласіпедысты. Паварот налева – выцягнутая ў левы бок прамая левая рука або сагнутая ў локці правая рука пад прамым вуглом уверх. Паварот направа – выцягнутая ў правы бок прамая правая рука або сагнутая ў локці пад прамым вуглом уверх левая рука. Прыпынак – паднятая ўверх правая ці левая рука».
Ад аўтара. На тратуарах, між іншым, як і на дарогах, важна быць узаемаветлівымі і строга захоўваць правілы дарожнага руху. Трэба памятаць, што перавага заўсёды за пешаходамі.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
