Про халву, силу воли и новый гардероб

Мир увлечений

Шумілінка Яўгенія Шарыпава расказала ўсё пра сваё пахудзенне

Калі вы задаволены ўласнай фігурай, ніколі не сядзелі на дыетах і не таўсцееце ўсяго толькі ад паху піцы, то можаце адкласці газету ўбок.   Усім астатнім будзе цікавы вопыт чалавека, які за тры месяцы скінуў амаль 12 кілаграм.

Метадыста Дома рамёстваў Яўгенію Шарыпаву мы ведаем па выдатных работах у шматковай тэхніцы. Яна неаднаразовы пераможца разнастайных творчых конкурсаў, удзельнік шмат-лікіх цікавых праектаў.

– Вось там я і пачала набіраць вагу, – прызнаецца Жэня. – Калі 10 год таму прыйшла працаваць у Дом рамёстваў, важыла 65 кілаграм. Работа цікавая, але сядзячая. Вынік – плюс 21 кіло.

Ад лішняга хацелася пазбавіцца. У першы раз дзяўчына выпрабоўвала на сабе так званую «крамлёўскую» дыету. Тады яна лёгка скінула 5 кіло. Не трэба тлумачыць, што кілаграмы хутка вярнуліся на сваё месца ды яшчэ і з прыбаўкай. У наступны раз Яўгенія вырашыла прайсці анлайн-марафон па пахудзенні. За грошы, вядома. Арганізатары прадаставілі меню і патрабавалі рэгулярнай справаздачы – фота ўзважванняў. За лепшы вынік узнагароджвалі прызамі. Так яна скінула 13 кілаграм.

– Я азартны чалавек, і нават у такой справе, як пахудзенне, мне патрэбны дух спаборніцтва, – кажа Жэня.

Таму, напэўна, дзяўчына і вырашыла паўдзельнічаць у праекце радыё «Віцебск» – «Похудей на волне». Доўга не магла рашыцца, але сёння зразумела, што гэта быў адзін з самых цікавых эксперыментаў у яе жыцці. Дарэчы, у праекце ўдзельнічала яшчэ адна шумілінка – Алена Ярыга. Толькі дзякуючы гэтаму дзяўчаты і пазнаёміліся. Алена пахудзела на 19 кілаграм, расказала, што працэс працягваецца, і на сённяшні дзень вынік ужо мінус 24.

Усё было згодна з традыцыямі папулярных ток-шоу: узважванні і фотасесіі «да» і «пасля», работа з дыетолагам, стыліс-там і псіхолагам, тэлевізійныя здымкі і многае іншае. Тры месяцы запар Яўгенія Шарыпава па вечарах ездзіла ў Віцебск на сустрэчы ўдзельнікаў праекта, кантрольныя ўзважванні, трэніроўкі, разнастайныя актыўнасці, што прапаноўвалі арганізатары праекта. Сказала, што было вельмі цікава.

Але ўсё ж галоўнае – пахудзенне. Жэня паставіла перад сабой мэту пазбавіцца ад 15 кіло. У праект уступала з лічбай 83 на вагах. Дыетолаг распрацавала меню на 1600 калорый у дзень. Дзяўчына прызналася, што ўвайшла ў дыету лёгка. Есці стала строга па гадзінах чатыры разы на дзень. Каб не прапускаць, паставіла напамінак у мабільным. Першы прыём ежы ў 8.00, апошні – а сёмай вечара.

– Задачу ўскладніла тое, што кожны дзень па меню трэба гатаваць новыя стравы. Сёння, дапусцім, ялавічыну, а заўтра ўжо курыцу, – дзеліцца сакрэтамі Жэня. – А паколькі я жыву адна, то не магу адразу нагатаваць шмат.

Раней, бывала, насмажу патэльню макароны з фаршам ды ем некалькі дзён. Цяпер так не выходзіць. Іншы раз і дзве гадзіны на кухні правяду.

За тры месяцы Жэня прызвычаілася браць з сабой на работу ды і ў госці кантэйнеры з «правільнай» ежай. Каб пазбегнуць зрываў, у першы ж дзень пазбавіла свой халадзільнік ад усяго, што цяпер нельга – аддала прадукты матулі. Яўгенія прызналася, што да ежы не патрабавальная, нават аднастайнасць яе не палохае.

– Я, наогул, больш за ўсё люблю сталоўскія катлеты, – смяецца дзяўчына. – З дыетычнага меню, мабыць, галубцы.

Жэня стараецца не прапускаць  прыёмы ежы, каб не справакаваць пераяданне, выпівае паўтара літра вады за дзень. Спорт – не яе тэма. Каб больш рухацца, купіла сабе веласіпед. Цяпер гэта яе верны спадарожнік.

Ці былі зрывы? Вядома, былі. Аднойчы, напрыклад, наша гераіня, правёўшы абсалютна правільны з пункту гледжання дыетычнага харчавання дзень, увечары наелася халвы. Прызналася, што крыўдна было да слёз. Не вытрываўшы пакутаў сумлення, дзяўчына прама ноччу села на веласіпед і паехала «адпрацоўваць» ласунак.

Нягледзячы на тое, што за час праекта Яўгенія стала лягчэй амаль на 12 кілаграм, вынікам яна незадаволена.

– Я ведаю, што магла лепш, ведаю ўсе свае «грахі». Халва ж была не адзіным, але самым крыўдным з іх, – жартуе Жэня.

Дзяўчына працягвае жыць у тым рэжыме, якога прытрымлівалася апошні час. Хоча важыць 65 кілаграм. У дзень нашай сустрэчы яна прызналася, што раніцай на вагах убачыла лічбу 69,9 – неперадавальныя адчуванні. Магчыма, пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, яна сваёй мэты ўжо дасягнула.

– Дыеты планую прытрымлівацца і далей. Вырашыла, што ў будні буду старацца харчавацца правільна, а па выхадных рабіць чытміл (запланаванае парушэнне дыеты), – дзеліцца планамі Жэня. – Мая слабасць – бульба фры і кока-кола. Дарэчы, адразу пасля завяршэння праекта дазволіла сабе гэтую радасць. Астатнія ўдзельнікі таксама «расслабіліся» такім чынам.

Жэня не перамагла ў гэтым конкурсе, але ўсё ж яна пераможца. Яна памяняла гардэроб і некаторыя погляды на жыццё, стараецца атрымліваць задавальненне ад кожнага яго імгнення.

Наталля ЧАРНІЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *