
Сярод усіх гаспадарак раёна, якія прыступілі да нарыхтоўкі сенажу, начальнік райсельгасхарчу Уладзімір Пушноў выдзяляе ААТ «АграБаравінка».
Мы накіраваліся на палеткі паміж Саладухамі і Лажком, дзе працавалі кормаўборачны камбайн, МТЗ з граблямі і прычэпамі. «Падбіраю і здрабняю за дзень да 150 тон травы, — расказаў перадавы механізатар Сяргей Гоманаў (на здымку), чыё прозвішча занесена на Дошку гонару, зацверджаную ў раённай газеце. — КВК, на якім працую чацвёрты сезон, адрамантаваў і быў гатовы выехаць на ўборку травы яшчэ ў лютым. Трава сёлета не вельмі ўраджайная — на гэтым полі трэба праехаць два кругі, каб назбіраць адзін прычэп. Тым не менш работа ў нас арганізавана ў тэмпе: першымі ў раёне заклалі сянажную траншэю і зараз ужо нарыхтавана 2326 тон сенажу».
Пасля нашай размовы Сяргей Трошын на МТЗ павёз поўны прычэп зялёнкі да сянажнай траншэі на ферме Башні. Сяргей Гоманаў паехаў працаваць на пару з Аляксандрам Кураковым (ён задзейнічаны на адвозцы).
А мы тым часам пагутарылі з механізатарамі Раманам Забабухам і Іванам Шумскім. «Гаспадарка лідзіруе па нарыхтоўцы кармоў таму, што ў нас талковы кіраўнік, умее добра арганізаваць работу, — расказалі хлопцы. — Наш Яўген Георгіевіч Мурашка — чалавек слова. Трэба масла для трактар ці якая запчастка — значыць, будзе. Ну, а адрамантаваць ці памяняць — мы ўжо самі завіхаемся».
Ларыса ЗАЙЦАВА.
