Галоўнае – паспець у тэрмін
Да зімова-стойлавага перыяду засталося нямнога часу, таму спецыялісты райсельгасхарчу рэкамендуюць фарсіраваць падрыхтоўку жывёлагадоўчых памяшканняў да зімы.
«У нас свая будаўнічая брыгада, таму з рамонтам няма праблем. Галоўнае, своечасова яго пачаць, каб паспець у тэрмін – кажа намеснік дырэктара па вытворчасці ААТ “Ляжні” Андрэй Кузняцоў, якога сустрэлі каля фермы Ляжні‑3. – Метал закупілі ў розных гандлёвых кропках, дошкі – у лясгасе. У арачніку, дзе будуць знаходзіцца цёлкі злучнога ўзросту на беспрывязным ўтрыманні, зрабілі драўляную агароджу каля сцен з абодвух бакоў, каб жывёла не псавала плёнку. Падрамантуем сцяну каля ўваходных варот – і да зімы гатовы».
На ферме Ляжні‑3 за работай мы заспелі зваршчыка Сяргея Арапава і слесара Сяргея Карпушчанку. Яны расказалі, што рамантуюць стойлавае абсталяванне. Вядуцца рамонтныя работы і на ферме Ляжні‑2. Галоўная праблема тут – выбітая месцамі падлога з‑за таго, што гной выдаляўся трактарам. Але ж яе рэальна ў сціслыя тэрміны давесці да ладу.
На ферме Ляжні‑4 трэба толькі ўцяпліць вокны і дзверы. Не патрабуе рамонту памяшканне на ферме Крывое Сяло‑1 – тут летась давялі да ладу падлогу, сістэму гноевыдалення, і ўсё захавалася ў добрым стане. На ферме Крывое Сяло‑2, дзе знаходзяцца цёлкі на беспрывязным утрыманні, трэба абабіць вокны (у ідэале – полікарбанатам, бо ён больш даўгавечны).
У ААТ «Ляжні» праверылі і халадзільнае абсталяванне. Дэманціравалі старое на ферме Ляжні‑1, закупілі халадзільнік на дзве тоны малака, які стаяў незапатрабаваным ва УП «Шумілінскі райаграсэрвіс».
Ларыса КІСЯЛЁВА.

