Незаконное оружие: зарегистрировать или сдать!

Актуалии Закон

Незаконнае ружжо:  зарэгістраваць ці здаць!

Нядаўна жыхар Браслава паведаміў у РАУС, што ў кватэры бацькі (жыхара раёна, які пайшоў з жыцця) знайшоў патроны, агнястрэльнае і пнеўматычнае ружжы, паляўнічыя нажы. Увесь арсенал мужчына здаў у міліцыю і тым самым быў вызвалены ад крымінальнай адказнасці.

Але такая добраахвотная здача бывае не заўсёды, адзначаюць супрацоўнікі РАУС. У мінулым го дзе выяўлены чатыры выпадкі незаконнага захоўвання зброі і боепрыпасаў да яе. Жыхар райцэнтра перавозіў незарэгістраваны элемент наразной зброі (глушыцель), за што атрымаў два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання.

Участковы інспектар РАУС падчас адпрацоўкі жылога сектара ў Дабеі ўбачыў у паляўнічага (ён меў дазвол на гладкаствольнае ружжо) незаконную агнястрэльную наразную зброю і каля васьмі дзясяткаў патронаў рознага калібру да яе.

Максімальнае пакаранне, што пагражае мужчыну за захоўванне такога арсеналу, – пазбаўленне волі да сямі гадоў.

Жыхар вёскі Цаўі незаконна захоўваў наразную зброю і порах (засталіся ў спадчыну ад бацькі), але своечасова здаў іх у міліцыю.

На мінулым тыдні ў райцэнтры быў зарэгістраваны факт карыстання гладкаствольнай незаконнай зброяй. Жыхар райцэнтра ў стане алкагольнага ап’янення некалькі разоў стрэліў з акна шматпавярхоўкі і пашкодзіў сцены і акно суседняга дома. Супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.

«Калі нехта з жыхароў раёна мае незаконную зброю, яе трэба зарэгістраваць ці здаць у міліцыю, – кажа старшы інспектар аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Дзмітрый Шэдзько. – Па законе грамадзяне, якія прынеслі ў РАУС не ўлічаную ва ўстаноўленым парадку агнястрэльную зброю, боепрыпасы, выбуховыя рэчывы, вызваляюцца ад адказнасці. А вось для тых, хто хоча яе схаваць, прадугледжана адказнасць. За незаконнае захоўванне паляўнічай агнястрэльнай гладкаствольнай зброі складаецца адміністрацыйны пратакол, максімальная санкцыя па якім – штраф да 30 БВ з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння або без канфіскацыі. Калі чалавек захоўвае незаконна агнястрэльную наразную зброю, боепрыпасы да яе, а таксама выбуховыя рэчывы, то за гэта пагражае крымінальная адказнасць (максімальнае пакаранне – пазбаўленне волі да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі).

Людміла ЗУЙКОВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *