«Кожная справа – чалавечы лёс»

З мая гэтага года рашэннем Савета Віцебскай абласной калегіі адвакатаў у юрыдычнай кансультацыі Шумілінскага раёна працуе Наталля СІНКЕВІЧ.
– З 15 год марыла стаць адвакатам, таму і паступіла на юрфак Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава. Праўда, рэалізаваць сваю мару змагла праз 20 год, – пачала гутарку Наталля Сінкевіч. – Пасля заканчэння ВДУ ў 2013 годзе пачала сваю працоўную дзейнасць у сферы юрыспрудэнцыі: шэсць год працавала ў галоўным упраўленні юстыцыі Віцебскага аблвыканкама, столькі ж – юрысконсультам на адным з віцебскіх прадпрыемстваў.
Як сама прызнаецца Наталля Сінкевіч, у 2024 годзе яна вырашыла стаць адвакатам і аднесла дакументы для разгляду пытання аб стажыроўцы ў Віцебскую абласную калегію адвакатаў. «За час стажыроўкі зразумела, што гэта правільны выбар, – расказвае Наталля. – Пасля заканчэння стажыроўкі здала экзамен у Міністэрстве юстыцыі і атрымала ліцэнзію на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці».
За гэты час да Наталлі Сінкевіч звярталіся па розных катэгорыях спраў – крымінальныя і эканамічныя злачынствы, злачынствы супраць інтарэсаў службы, былі справы аб устанаўленні факта роднасных адносін, ліквідацыі перашкод карыстання зямельнымі ўчасткамі, ну і, канечне, працоўныя і сямейныя спрэчкі.
«Кожная справа ўнікальная, бо за ёй стаяць чалавечыя лёсы, – кажа адвакат. – Ты разумееш, што ад цябе, тваіх прафесійных ведаў і навыкаў шмат што залежыць. Так, напрыклад, зараз у вытворчасці знаходзіцца справа аб прызнанні здзелкі несапраўднай. Ад зыходу яе залежыць тое, ці будзе мой кліент плаціць запазычанасць па дагаворы паручыцельства ў памеры некалькіх сотняў тысяч беларускіх рублёў».
Да адваката людзі звяртаюцца з рознымі пытаннямі. Наталля Сінкевіч адзначае, што ў Шумілінскім раёне дастатковая колькасць тых, хто мае патрэбу ў юрыдычнай дапамозе:
– Я рада, што ёсць тыя, хто давярае мне юрыдычную састаўляючую свайго жыцця ці жыцця сваіх блізкіх. Гэта вялікі давер, які абавязвае працаваць на максімуме.
Аляксандр ШЭДЗЬКО
