Такія “сябры” да дабра не давядуць
У гэтым годзе супрацоўнікамі РАУС складзена 29 пратаколаў за прыцягненне непаўналетніх у антыграмадскія паводзіны.
Супрацоўнікі міліцыі б’юць трывогу: за такі ж перыяд мінулага года было ўсяго 4 падобныя факты. Пад антыграмадскімі паводзінамі маюцца на ўвазе распіццё спіртных напіткаў. Як гэта не дзіўна, у многіх выпадках такі незаконны пачастунак прапаноўвалі падлеткам дарослыя. Яны ж заўсёды і куплялі алкагольныя напіткі. Хаця дарослыя павінны былі паступаць з дакладнасцю наадварот – расказаць пра шкоду алкаголю і не дапусціць знаходжанне непаўналетніх у п’янай кампаніі. Практычна ва ўсіх выяўленых супрацоўнікамі міліцыі выпадках падлеткі расказвалі, што лічылі дарослых, з якімі распівалі, сваімі сябрамі. І адмовіць сябру падняць з ім чарку лічылі недапушчальным. Хаця ці можна было адносіць такіх людзей да сяброў? Наўрад ці сябар будзе частаваць непаўналетняга спіртным.
Пасля размовы з непаўналетнімі супрацоўнікі РАУС высветлілі, што яны разам са старэйшымі таварышамі ездзілі ў магазін і ад возера да возера на таксі. Замест таго, каб паведаміць пра п’яных падлеткаў у міліцыю, таксісты перавозілі іх. А папярэджваць правапарушэнні і паведамляць пра іх у праваахоўныя органы – грамадзянскі абавязак кожнага, падкрэслівае старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Дар’я Трафімава.
Адзначым, што адзін з падлеткаў пасля чарговага “застолля” трапіў з алкагольным атручваннем у рэанімацыю, яго ледзь удалося ўратаваць. А вінаваты ў гэтым дарослы “сябар”, з якім разам распівалі спіртное на беразе возера.
За прыцягненне непаўналетніх у антыграмадскія паводзіны на дарослых складзены адміністрацыйныя пратаколы (штраф ад 5 да 30 БВ).
У гэтым годзе на тэрыторыі раёна зарэгістраваны адзін выпадак продажу непаўналетняму алкагольных напіткаў. Прадаўцу за гэта пагражае штраф у памеры да 20 БВ.
Ларыса ЗАЙЦАВА

