Февраль — месяц лечебно-оздоровительного и медицинского туризма. Где в Шумилино укрепить здоровье?

Здоровье

 Варыянтаў хапае, было б жаданне

Люты ў Беларусі аб’яўлены месяцам лячэбна-аздараўленчага і медыцынскага турызму. Пра тое, як развіты гэты напрамак турызму ў нашым раёне, размаўляем з дырэктарам Турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Шумілінскага раёна Ірынай КУЛІКАВАЙ.

– У нашым раёне няма санаторыяў, але гэта не значыць, што няма лячэбна-аздараўленчых паслуг. Варыянтаў хапае, было б жаданне. Плюс да ўсяго турыстычны інфармацыйны цэнтр арганізуе паездкі. Так, напрыклад, нядаўна 18 шумілінскіх аматараў здаровага ладу жыцця пабывалі ў турысцка-аздараўленчым комплексе «Лосвіда» на сеансе СПА, які ўключаў наведванне рускай, фінскай і турэцкай лазняў, басейна з гідрамасажам.

– І ўсё-такі давайце вернемся на Шуміліншчыну. 

Асноўнае месца, дзе кожны жадаючы можа атрымаць аздараўленчыя паслугі – гэта фізкультурна-аздараўленчы цэнтр.– Так, сапраўды. У фізкультурна-аздараўленчым цэнтры багаты спектр паслуг. Усім вядомы аздараўленчы эфект плавання ў рэабілітацыі, прафілактыцы многіх захворванняў. Па вечарах заўсёды шмат людзей у басейне, раніцай для наведвальнікаў прадугледжаны скідкі, ёсць бясплатныя заняткі для пенсіянераў. Падтрымліваць сябе ў добрай фізічнай і эмацыянальнай форме дапамагаюць трэнажорная зала і заняткі пілатэсам. Асабліва хачу спыніцца на саўне.

Яе паслугамі актыўна карыстаюцца як шумілінцы, так і турысты з іншых гарадоў. У зімовыя месяцы частыя наведвальнікі – новапалачане з клуба байдарачнікаў.

Не трэба забываць і пра гарадскі стадыён. Бег, спартыўная і скандынаўская хадзьба. Бясплатныя трэнажоры. Зімой работа катка, дарэчы, ФАЦ прапаноўвае пракат лыж і канькоў.

– Наколькі ведаю, у Шуміліне працуе некалькі груп фізкультурна-аздараўленчай гімнастыкі. Раскажыце пра іх падрабязней.

– У Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва працуе гурток «Крыніца здароўя», які наведваюць 15 грамадзян сталага ўзросту, у дзіцячай школе мастацтваў – гімнастыка для аматараў актыўнага адпачынку 45+, якую зараз наведваюць 19 чалавек. Вядзе абодва гурткі Ніна Іванаўна Маскалькова – сапраўдны прафесіянал сваёй справы. На занятках актыўна спалучаюцца групавыя практыкаванні з індывідуальнымі.

– Ці прапаноўваюць аздараўленчы турызм аграэкасядзібы?

– На мой погляд, само знаходжанне ў лесе ці на возеры – гэта ўжо аздараўленне. Чыстае паветра, водная гладзь, цішыня – тое, што патрэбна для псіхалагічнай разгрузкі. На аграэкасядзібе «Чараўніцкае возера» ёсць фітабочка, пры жаданні наведвальнікаў гаспадары прапануюць фітатэрапію. Да аздараўленчых працэдур можна аднесці і лазню, тут прапануюць «вядро з ледзяной вадой» для кантраснага душу.

У аграэкасядзібе «Ляўшы» прапаноўваюць фітачай. Дарэчы, гаспадары шумілінскіх аграэкасядзіб бачаць у развіцці лячэбна-аздараўленчага турызму добрыя перспектывы.

– Ірына Уладзіміраўна, апошнім часам у гарадах усё большую папулярнасць набываюць масажныя паслугі. А як з гэтым справа ў нас?

– Ведаю некаторых шумілінцаў, якія ездзяць на масаж у гарады. Хаця і ў Шуміліне ёсць спецыялісты, якія аказваюць паслугі масажу (гэта тычыцца не толькі ЦРБ). Яны актыўна вядуць старонкі ў сацыяльных сетках, так што пры жаданні іх знайсці нескладана.

Лячэбна-аздараўленчы і медыцынскі турызм – найперш пра наша здароўе. І, безумоўна, ён будзе развівацца, бо неабходны і запатрабаваны.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *