Как в Шумилино отметили День Конституции

Главное Молодёжь Образование Общество

Грамадзянін Беларусі – гучыць годна

Дзень Канстытуцыі ў Шумілінскім раёне адзначылі ўрачыстым уручэннем пашпартоў 12 чатырнаццацігадовым жыхарам раёна, раённым чэмпіянатам па зборы спілс-карты Беларусі, канцэртам дзіцячых калектываў, іншымі патрыятычнымі справамі. Раённае святочнае мерапрыемства «Беларусь у маім сэрцы» прайшло 15 сакавіка ў раённым цэнтры культуры.

Галоўныя ўрачыстасці – рэспубліканская патрыятычная акцыя «Мы – грамадзяне Беларусі» – ладзіліся ў актавай зале. Старшы інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі РАУС Дар’я Кудлаёва ўручыла 12 вучням раёна пашпарты. Яшчэ ўчора 14-гадовыя падлеткі былі звычайнымі школьнікамі. А ў Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь іх называлі не толькі па імені, але і па імені па бацьку. Яны горда трымалі ў руках галоўны ў жыцці дакумент – пашпарт. І ўжо сыходзячы са сцэны, пачалі яго разглядаць – цікаўнасць узяла верх. Юным грамадзянам падарылі Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь у друкаваным варыянце, а таксама падарунак Прэзідэнта – прыгожае выданне «Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь».

Усіх прысутных на мерапрыемстве павіншаваў са святам кіраўнік спраў райвыканкама Павел Загацкі. «Канстытуцыя – гэта асноўны закон, дзе прапісаны правы і абавязкі. Быць грамадзянінам Беларусі – вялікі гонар і адказнасць, – падкрэсліў Павел Андрэевіч. – Пашпарт – гэта дакумент, які не толькі пацвярджае асобу, але і прыналежнасць да нашай прыгожай краіны. Працуйце, стварайце на карысць сваёй радзімы, і яна будзе ганарыцца вамі».

– З пашпартам адчуваю сябе дарослым. Статус і ўрачыстасць мерапрыемства ўражваюць, – падзяліўся Максім Жыгуноў з СШ № 1 г. п. Шуміліна. – Як паўнапраўны грамадзянін Беларусі ў будучым пастараюся ўнесці дастойны ўклад у яе развіццё – мару служыць у аддзеле па надзвычайных сітуацыях.

Да віншаванняў далучылася старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру» Людміла Шаўцова. Яна пажадала дзецям быць патрыётамі сваёй краіны. Людміла Васільеўна ўручыла падарунак удзельніку 3-га этапа рэспубліканскай акцыі «Дзіця міру – «Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь» Кірылу Жыжову з Мікіціхі, які таксама атрымаў пашпарт. Кірыл нарадзіўся 21 верасня, у Міжнародны дзень міру. Радасць урачыстасці з падлеткамі раздзяліла першы сакратар райкама ГА БРСМ Вікторыя Бяляева. Маладзёжны лідар павіншавала юных грамадзян Рэспублікі Беларусь і ўручыла 19 старшакласнікам раёна білеты і значкі членаў БРСМ.

Хто лепш ведае сваю краіну? У фае раённага цэнтра культуры ў гэты дзень ладзіўся чэмпіянат па хуткаснай зборцы спілс-карты Беларусі, які арганізавала раённая арганізацыя ГА БРСМ. У мерапрыемстве бралі ўдзел каманды з усіх сярэдніх школ. Перамагла каманда СШ № 1 г. п. Шуміліна, якой быў уручаны дыплом і прыз. Старшакласнікі падзяліліся, што перад чэмпіянатам неаднаразова трэніраваліся. У індывідуальным заліку па зборы спілс-карты таксама перамог вучань з першай школы – Павел Лабачоў.

У фае працавала выстава «Галоўны закон краіны – Канстытуцыя», была арганізавана фотазона. Свята дапоўніў канцэрт дзіцячых калектываў РЦК, Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў, раённага цэнтра дзяцей і моладзі.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *